У Менску далучацца да «Маратону лістоў» «Amnesty International»
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
19.12.2016 14:23
Штогод у сьнежнi сотнi тысяч людзей з розных кропак сьвету пiшуць лісты людзям, з якiмi нiколi не сустракалiся.
Photo: Mariya Chorna/flickr.com/Commercial use allowed
21 сьнежня Валянтэрская Служба праваабарончага цэнтру «Вясна» прапануе далучыцца да кампанii «Amnesty International» у падтрымку герояў «Маратона лістоў», а таксама беларускіх і расейскіх палітвязьняў.
Штогод у сьнежнi сотнi тысяч людзей з розных кропак сьвету пiшуць лісты людзям, з якiмi нiколi не сустракалiся. Гэтыя лісты – салiдарнасьць з ахвярамі яскравых парушэньняў правоў чалавека. Людзi пiшуць прадстаўнiкам улады і просяць прыпынiць цiск на пэўных актывiстаў і актывістак. У межах дадзенай праваабарончай кампанii ў 2016 годзе было напiсана больш за 3,7 мiльёнаў электронных i звычайных лістоў.
Сёлетні маратон лістоў будзе прысьвечаны студэнтам Байраму Мамедаву і Гiясу Ібрагiмаву з Азэрбайджану. Яны напiсалі «Са сьвятам рабоў!» на помнiку былому прэзыдэнту Азэрбайджана. Пасьля гэтага хлопцаў затрымалi i абвiнавацiлi ў захоўваньнi пры сабе наркотыкаў. Iх катавалi i прымусiлi падпiсаць неабходныя для суда дакумэнты. Зараз студэнтам пагражае да 12 год пазбаўленьня свабоды.
Наступнай асобай, у абарону якой можна пісаць лісты зьяўляецца актывiстка з Iрана Зэйнаб Джалалiан. Яна доўгi час займалася паляпшэньнем становiшча курдзкай меншасьцi, пераважна – жанчын. У 2008 годзе яе затрымалi i абвiнавацiлi ў сувязi з курдзкай апазыцыйнай групай. Жанчыну катавалі. Гэта прывяло да таго, што яна амаль згубiла зрок. Зэйнаб патрэбная мэдыцынская дапамога, чаго ўлады не дазваляюць.
Чацьвёртая асоба – гэта былая адвакатка i рэдактарка газэты Эрэн Кескiн (Турцыя), якую затрымалі за крытыку ўлады i асабiста прэзыдэнта краiны. Больш за 100 разоў жанчыну судзiлi за яе меркаваньнi.
І апошняя асоба – Эдвард Сноўдэн. У 2013 годзе, дзякуючы Эдварду Сноўдэну з ЗША, сьвет пабачыў дакумэнты, якiя распавядаюць пра факты масавага сачэньня за насельніцтвам. Гэты чалавек прадэманстраваў, як урад зьбiрае пра людзей дадзеныя. Цяпер Сноўдэну пагражае вялiкi тэрмін за тое, што ён выступiў у абарону грамадзкiх iнтарэсаў.
З улікам беларускага кантэксту Валянтэрскі цэнтар «Вясны» распавядзе і пра шэраг беларускіх і расейскіх палітвязьняў.
Акцыя будзе праходзіць 21 сьнежня а 18:30 на вул. Кастрычніцкай 27 у офіс 302.
Вясна/ав