Logo Polskiego Radia
Print

У Менску судзяць Уладзіміра Кондруся

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.12.2016 11:49
Сёньня ў Маскоўскім судзе Менску адноўлены працэс над удзельнікам Плошчы-2010 Уладзімірам Кондрусем.
Michael Coghlan/.com

Сёньня, 26-га сьнежня, у Маскоўскім судзе Менску адноўлены працэс над удзельнікам Плошчы-2010 Уладзімірам Кондрусем.

Жыхара Рудзенску абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 19-га сьнежня 2010 году. Суд агучыў пісьмовыя матэрыялы справы. Іх зачытала пракурор Вольга Герасімовіч.

Бацька Кондруся ад дачы паказаньняў адмовіўся, маці таксама скарысталася правам адмовіцца ад паказаньняў. Суд ня стаў зачытваць паказаньні Ўладзіміра Кондруся, спаслаўшыся на тое, што ён адмовіўся даваць паказаньні падчас сьледзтва.

Суд праходзіць вельмі хутка. У спрэчках пракурор паўтарыла абвінавачваньне, заявіўшы, што абцяжарваючых абставін няма, а зьмякчальным зьяўляецца стан яго здароўя – псыхічнае засмучэньне, паведамляе tut.by.

Дзяржабвінаваўца ня стала патрабаваць для Ўладзіміра Кондруся пазбаўленьня свабоды. З улікам яго псыхічнага засмучэньня й таго, што з падзеяў 19 сьнежня прайшло больш за 6 гадоў, пракурор запрасіла для Кондруся 3 гады абмежаваньня свабоды без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. У гэты тэрмін яна прапанавала залічыць час, які ён ужо правёў пад вартай з 14 чэрвеня (амаль 200 дзён) з разьліку: адзін дзень папярэдняга зьняволеньня роўны двум дням абмежаваньня свабоды. Меру стрыманьня пракурор папрасіла зьмяніць на падпіску аб нявыезьдзе, вызваліўшы яго з-пад варты.

Адвакат аспрэчыў кваліфікацыю падзеяў 19 сьнежня як масавыя беспарадкі, а дзеяньні Кондруся як пагромы.
Прысуд абвесьцяць сёньня а 16-й гадзіне.

Нагадаем, Уладзімір Кондрусь быў затрыманы ў чэрвені 2016 года, да гэтага ён удзельнічаў у шэрагу мірных пратэстаў. Актывісту пагражае ад 3 да 8 гадоў зьняволеньня.

Праваабаронцы Беларусі прызналі Ўладзіміра Кондруся палітвязьнем і патрабуюць ягонага вызваленьня ды спыненьня крымінальнага перасьледу.

рацыя/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт