Logo Polskiego Radia
Print

Спэцпрадпрыемства Нацбанка ўтылізуе 10 вагонаў „старых” грошай

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.01.2017 14:12
Таксама на перапрацоўку давядзецца адправіць каля 23 тысяч касавых апаратаў.
Photo: sb.by

Спэцпрадпрыемства Нацбанка ўтылізуе 10 вагонаў „старых” грошай. З Новага году яны цалкам зьніклі з абароту, але іх яшчэ можна абмяняць у банках.

Як піша газэта „Рэспубліка”, у Нацбанку падлічылі, што пятнаццаць гадоў у абароце былі 600 мільёнаў купюр узору 2000 году. Гэта каля 7,5 тысячы кантэйнераў, якія выкарыстоўваюцца для міжбанкаўскіх перавозак, альбо 600 тон банкнотаў. Паколькі грузападымальнасьць аднаго чыгуначнага вагона складае ў сярэднім 60 тон, атрымліваецца, што ўсе „старыя” грошы можна было б вывезьці ў дзясятку вагонаў. Аднак гэта не спатрэбілася, паколькі купюры з абароту прыбіралі паступова.

У Нацбанку кажуць, што калі банкноты наміналам 50 тысяч, 100 тысяч і 200 тысяч рублёў з абароту забралі практычна цалкам, а купюры вартасцю 5 тысяч, 10 тысяч і 20 тысяч рублёў — на 72%, то 2/3 дробных грошай (100, 500 і 1000 рублёў) яшчэ знаходзяцца на руках у грамадзян. Практыка паказвае, што ў касы цэнтральных банкаў вяртаецца толькі палова такіх купюр.

Спэцыяльнае прыстасаваньне здрабняе „старыя” грошы. Паўтоны купюр яно перапрацоўвае за дзьве гадзіны працы. Атрымліваецца, што на перапрацоўку 600 тон спатрэбіцца 2400 гадзін, ці 100 дзён. Ужо зьнішчана 177,5 млн асобнікаў банкнот узору 2000 года, гэта больш за 58% ад колькасьці грошай, якія паступілі ў Нацбанк.

Таксама на перапрацоўку давядзецца адправіць каля 23 тысяч касавых апаратаў, якія нельга перапраграмаваць на працу з капейкамі.

sb.by/euroradio.fm/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт