Менск і Ватыкан абмеркавалі пэрспэктывы супрацоўніцтва
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Alaksandar  Papko
                        
                        12.01.2017 11:21
                    
                                 
                
                
                    Амбасадар Беларусі Сяргей Алейнік сустрэўся з папам Францішкам, а таксама дзяржсакратаром і кіраўніком дыпляматыі Ватыкана
                
                
                    
                         
                     
                
                
                
               
                
                         Прадстаўнікі міністэрства замежных справаў Беларусі сустрэліся з Папам Рымскім – паведамляе афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА.
Супрацоўніцтва Беларусі з Ватыканам абмяркоўвалася падчас працоўнай паездкі амбасадара Беларусі ў Вялікабрытаніі ды па сумяшчальніцтве амбасадара пры Сьвятым пасадзе Сяргея Алейніка.
Сяргей Алейнік правёў кароткую размову з папам Францішкам, сустрэўся з дзяржаўным сакратаром Ватыкана П’етрам Паралінам і кіраўніком ватыканскай дыпляматыі арцыбіскупам Полам Галахерам. Як зазначае інфармагенцтва БЕЛТА, ватыканскія і беларускія дыпляматы “абмеркавалі ход рэалізацыі дамоўленасьцяў, дасягнутых падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан у траўні 2016 году”.
Прыгадаем, тады Аляксандар Лукашэнка падзякаваў Папе Рымскаму Францішку за дапамогу ў паляпшэньні стасункаў з Эўразьвязам, паабяцаў разьвіваць стасункі  і запрасіў пантыфіка наведаць Беларусь.
Акрамя гэтага, амбасадар Сяргей Алейнік сустрэўся з дырэктарам музэяў Ватыкана і прэфэктам Апостальскай бібліятэкі, зь якімі абмеркаваў пытаньні разьвіцьця ўзаемадзеяньня ў галіне культуры.
belta.by/ап