Logo Polskiego Radia
Print

Прадпрымальнік Ваган Керабян ахвяраваў 6 тыс. рублёў курсам “Мова нанова”

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 12.01.2017 12:15
Прадпрымальнік армянскага паходжаньня, уласьнік сэрвісу menu.by вырашыў падтрымаць дзейнасьць па адраджэньні беларускай мовы.
movananova.by

Менскі прадпрымальнік армянскага паходжаньня Ваган Керабян ахвяраваў курсам беларускай мовы “Мова нанова” 6 тысячаў рублёў (каля 3 тысячаў эўра).

Ваган Керабян і яго служба дастаўкі ежы menu.by прынялі ўдзел у конкурсе “Адметныя”, арганізаваным часопісам CityDog.by і кампаніяй Samsung. У конкурсе перамагла інтэрнэт-крама Symbal.by, якая атрымала магчымасьць рзьмясьціць на сайце CityDog.by свой рэклямны праект. Аднак Ваган Керабян, фірма якога заняла трэцяе месца, зрабіў рыцарскі жэст.

«Пра армянаў кажуць, што мы сьціплы народ, які працуе з раніцы да ночы, які шмат разоў білі за апошнія 3000 гадоў, але які сілай сваёй веры й мовы, змог выжыць і захаваў сваю самабытнасьць. Для нас армянская мова — гэта гарантыя выжываньня й разьвіцьця! У Беларусі мне стала вельмі крыўдна за беларусаў — мала хто ведае мову, а штодня на ёй размаўляе зусім мала хто. І я быў уражаны Глебам Лабадзенкам і курсамі «Мова нанова» — гэта агмень захаваньня й разьвіцьця мовы. У выпадку перамогі мы плянавалі перадаць прыз ім. Але нашая «параза» у конкурсе не перашкода, так што мы вырашылі падарыць суму, роўную суме прыза — 6000 рублёў, на працу й на разьвіцьцё курсаў «Мова нанова»! Такая вось маленькая падтрымка ад братняга армянскага народу», - напісаў Ваган Керабян.

Заснавальнік курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка выказаў вялікую падзяку й назваў учынак кампаніі menu.by «неверагодным жэстам».

ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт