Logo Polskiego Radia
Print

МЗС Летувы: Місія SEED на БелАЭС праходзіць не ў поўным аб'ёме

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 19.01.2017 12:36
SEED-місія на Беларускай АЭС працуе з 16 па 20 студзеня.
pixabay.com/CC0 Public Domain

Экспэрты службы МАГАТЭ па аглядзе пляцоўкі й канструкцый атамных аб'ектаў з улікам зьнешніх пагроз (SEED-місія) праводзяць ацэнку Беларускай АЭС не ў поўным аб'ёме, лічыць Міністэрства замежных спраў Летувы.

Такая выснова зробленая на падставе ліста ад генэральнага дырэктара МАГАТЭ Юкіі Амана, у якім расказана пра дэталі правядзеньня SEED-місіі 16-20 студзеня на Беларускай АЭС. Ліст стаў адказам на запыт летувіскага зьнешнепалітычнага ведамства.

Паводле зьвестак прэс-службы МЗС Летувы, у лісьце гендырэктар МАГАТЭ пацьвердзіў, што ў Беларусі праводзіцца няпоўная SEED-місія. Рашэньне аб тым, што канкрэтна будуць ацэньваць экспэрты міжнароднай арганізацыі, вызначаў бок, які прымае, а не МАГАТЭ.

Летувіскі бок зьвяртае ўвагу на той факт, што экспэрты місіі ня будуць аналізаваць такія ключавыя пытаньні, як крытэры выбару будпляцоўкі, узьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе й тое, якім чынам праводзіліся дасьледаваньні сэйсьмічнай актыўнасьці раёна, калі такая праца мела месца ў прынцыпе. МЗС Летувы мяркуе, што маштаб работы SEED-місіі на БелАЭС, верагодна, будзе абмежаваны толькі ацэнкай бясьпекі канструкцый.

Паводле слоў міністра замежных спраў Летувы Лінаса Лінкявічуса, такі выбіральны падыход да прымяненьня норм ядзернай бясьпекі наводзіць на думку аб тым, што распрацоўнікам БелАЭС ёсьць што хаваць.

SEED-місія на Беларускай АЭС працуе з 16 па 20 студзеня. Працэс падрыхтоўкі справаздачы місіі ў сярэднім займае тры-шэсьць месяцаў, аднак беларускі бок і МАГАТЭ дамовіліся прыкласьці максымум намаганьняў, каб паскорыць гэты працэс. Беларускае МЗС мяркуе, што дакумэнт выйдзе не раней за сакавік.

belapan.com/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт