Logo Polskiego Radia
Print

У ізалятары Берасьця прымуць перадачу зь ежай, але раней патрабуюць заплаціць

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.03.2017 08:25
Пра гэта ў ізалятары сказалі маці арыштаванага на суткі анархіста Дзьмітрыя Леўчука.
Michael Coghlan/.com

7 сакавіка ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасьця паведамілі, што для адміністрацыйна арыштаваных прымаюць толькі вопратку й гігіенічныя прылады, а ежу – толькі пасьля таго, як будзе аплочана ўтрыманьне ў ізалятары.

Пра гэта ў ізалятары сказалі маці арыштаванага на суткі анархіста Дзьмітрыя Леўчука. Жанчына патэлефанавала ў ІЧУ Ленінскага РАУС. Дзяжурная ізалятара патлумачыла гэтае абмежаваньне тым, што ва ўстанове арганізавана харчаваньне і што многія пасьля вызваленьня не аплочваюць сваё ўтрыманьне.

Юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч сказаў, што гэтая практыка, якая склалася ў ІЧУ, незаконная і патрабуе абскарджаньня. Ён патлумачыў, што ў пастанове МУС, якая вызначае парадак атрыманьня і надгляду перадач, пералічваюцца падставы, дзеля якіх перадачу могуць не прыняць.

«І ў гэтым сьпісе абмежаваньняў няма пункту пра тое, што перадача, у тым ліку й прадукты харчаваньня, не прымаецца пры адсутнасьці аплаты за ўтрыманьне».

Праваабаронца прапанаваў абскарджваць гэтыя дзеяньні ў гарадзкім УУС або зьвярнуцца ў пракуратуру, каб тая правяла праверку.

6 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Берасьця разглядалі адміністрацыйныя справы чатырох прадстаўнікоў анархісцкага руху, якія бралі актыўны ўдзел у «Маршы недармаедаў». Яны атрымалі ад чатырох да пяці сутак арышту. Сярод іх і Дзьмітры Ляўчук.

svaboda.org/ПЦ Вясна/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт