Logo Polskiego Radia
Print

Стыхійная акцыя салідарнасьці з арыштаванымі прайшла ў Гомелі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 14.03.2017 13:57
Каля будынка ізалятара сабраліся каля 30 чалавек у падтрымку Рубцова й Філіповіча.
Максім ФіліповічМаксім Філіповічyoutube.com/screen

Стыхійная акцыя салідарнасьці з арыштаванымі прайшла ля будынка ізалятара ў Гомелі

Каля будынка ізалятара часовага ўтрыманьня ў Гомелі прайшла сёньня стыхійная акцыя салідарнасьці з заключанымі там актывістамі, паведамляе БелаПАН.

Там за ўдзел у «Маршы недармаедаў» адбываюць пакараньне актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Віктар Рубцоў і відэаблёгер Максім Філіповіч, якія асуджаныя адпаведна на 14 і 13 сутак адміністрацыйнага арышту.

Каля 11-й гадзіны каля ІЧУ сабраліся сябры Рубцова і Філіповіча, пазьней да іх далучыліся іншыя актывісты, а таксама жонка і маці відэаблёгера, якія прывезьлі вязьню перадачу. Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў прывёз перадачу Рубцову, аднак яе не прынялі, спасылаючыся на тое, што той не зьяўляецца блізкім сваяком.

Некаторыя ўдзельнікі акцыі трымалі ў руках раздрукоўкі з надпісам "Свабоду Максіму Філіповічу!"У цэлым у акцыі ўдзельнічала каля 30 чалавек, яна працягвалася каля паўтары гадзіны. Некаторыя ўдзельнікі акцыі вялі прамы эфір у «Фэйсбуку».

З будынка ІЧУ выйшлі супрацоўнікі міліцыі й папярэдзілі, што могуць расцаніць акцыю як несанкцыянаваны пікет.

naviny.by/БелаПАН/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт