Амбасада ЗША выдала заяву ў сувязі з масавымі затрыманьнямі на Дзень Волі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
26.03.2017 10:43
ЗША сочаць за сытуацыяй і заклікаюць урад Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых.
Photo: pixabay.com
На сайце пасольства ЗША ў Беларусі апублікаваная заява адносна апошніх падзей.
Злучаныя Штаты з глыбокай занепакоенасьцю адзначаюць супрацьдзеяньне ўладаў Беларусі правядзеньню мірных акцый з нагоды Дня Волі, што адзначаецца штогод. Маштабныя затрыманьні мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і шэрагу журналістаў ідуць насуперак дэмакратычным каштоўнасьцям. Ёсьць паведамленьні пра выкарыстаньне сілы супраць мірных дэманстрантаў і іншых асобаў.
Наколькі нам вядома, некаторыя з затрыманых былі вызваленыя. ЗША будуць і далей уважліва сачыць за сытуацыяй і заклікаюць урад Беларусі неадкладна вызваліць астатніх затрыманых мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў і забясьпечыць права грамадзян на правядзеньне мірных сходаў і свабоду слова ў адпаведнасьці з яго міжнароднымі абавязальніцтвамі.
25 сакавіка ў Менску адбылася брутальная зачыстка дэманстрантаў. Паводле зьвестак праваабаронцаў з ПЦ "Вясна", затрымана каля 300 чалавек. Частка ўжо выпушчана, некаторыя без складаньня пратаколаў.
Сайт Амбасады ЗША/"Вясна"/нг