Logo Polskiego Radia
Print

У Менску прайшла экскурсія па мясьцінах БХД

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.05.2017 15:40
Стагодзьдзе партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» ўдзельнікі хрысьціянскага руху адзначаюць пад пільным наглядам міліцыі.
bchd.info

У Менску прайшлі экскурсія ды імша, прысьвечаныя сотай гадавіне заснаваньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі – перадае прэс-служба аргкамітэту па стварэньні партыі БХД. Мерапрыемствы прайшлі пад наглядам міліцыі.

Сябры БХД наведалі імшу ў Катэдральным касьцёле Менска, дзе 24 траўня 1917 году праходзіў Зьезд беларускага духавенства, а затым прынялі ўдзел у экскурсіі па мясьцінах, зьвязаных з дзейнасьцю Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

Сябры і прыхільнікі хрысьціянскай дэмакратыі паслухалі аповед пра гісторыю катэдральнага касьцёла й гістарычнага зьезду 1917 году. Яны паспрабавалі трапіць у клюб імя Дзяржынскага, збудаваны на месцы колішняй «капліцы БХД». Удзельнікі экскурсіі даведаліся пра біяграфію актывістаў хрысьціянскага руху пачатку ХХ стагодзьдзя Паўла Карузы й Яна Пазьняка, якіх, верагодна, трымалі ў сьледчым ізалятары «Амэрыканка», зайшлі ў Чырвоны касьцёл, дзе служылі Вінцэнт Гадлеўскі, Фабіян Абрантовіч, Віктар Шутовіч ды іншыя сябры БХД. Напрыканцы экскурсіі яе ўдзельнікі ўсклалі кветкі на магілу Алеся Траяноўскага, які аднавіў выданьне хадэцкай газэты «Крыніца» ў 1990-я.

Сьвяточная імша ды экскурсія прайшлі пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі на чале з начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі Менска Максімам Грышчанкам – перадае прэс-служба БХД.

bchd.info/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт