Logo Polskiego Radia
Print

Сёньня 27-я гадавіна прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.07.2017 13:12
Дакумэнт быў прыняты Вярхоўным Саветам БССР 12-га скліканьня 27 ліпеня 1990 года на хвалі т.зв. парада сувэрэнітэтаў.
БСПР

Так называлася масавае прыняцьце рэспублікамі СССР дэклярацый аб незалежнасьці (у 1988–1990 гадах). БССР у гэтым шэрагу апынулася дзясятай сярод 15 рэспублік Савецкага Саюза. Да гэтага сувэрэнітэт абвясьцілі Эстонія (16 лістапада 1988 года), Літва (26 мая 1989 года), Латвія (28 ліпеня 1989 года), Азэрбайджан (23 верасня 1989 года), Грузія (26 мая 1990 года), Расея (12 чэрвеня 1990 года), Узбэкістан (20 чэрвеня 1990 года), Малдова (23 чэрвеня 1990 года) і Украіна (16 ліпеня 1990 года).

25 жніўня 1991 года, праз тры дні пасьля правалу путчу ў Маскве, ВС надаў дакумэнту статус канстытуцыйнага закона. Была ўведзена новая дзяржаўная сымболіка – бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».

15 сакавіка 1994 года ў разьвіцьцё палажэньняў дэклярацыі была прынятая новая Канстытуцыя, у якой уводзілася пасада прэзыдэнта. Па выніках рэспубліканскага рэфэрэндуму 14 мая 1995 года, які быў ініцыяваны прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, руская мова атрымала статус другой дзяржаўнай, зьмяніліся таксама герб і сьцяг.

У 1991–1996 гадах 27 ліпеня адзначалася як дзяржаўнае сьвята – Дзень Незалежнасьці. Пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 года Днём Незалежнасьці стала лічыцца 3 ліпеня – дзень вызваленьня Менска ад гітлераўцаў.

belapan.com/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт