Logo Polskiego Radia
Print

Чарнобыльскія ліквідатары не дамагліся мэдычных страховак ад «Беларуснафты»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.07.2017 15:15
27 ліпеня судзьдзя Юліяна Файзуліна, якая разглядала справу рэчыцкіх ліквідатараў, адхіліла пазоў як неабгрунтаваны.
Diana Markosian [Public domain], via Wikimedia Commons

У судзе Чыгуначнага раёну Гомля разглядаўся пазоў былых працаўнікоў «Беларуснафты», ліквідатараў ЧАЭС, якія патрабавалі забясьпечыць іх мэдычным страхаваньнем.

Тры дзясяткі ліквідатараў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, былых працаўнікоў РУП «Беларуснафта», якіх накіроўвалі ў 30-кілямэтровую зону на барацьбу з наступствамі катастрофы, праз суд дамагаліся ад былога наймальніка мэдычнага абслугоўваньня нароўні зь дзейнымі рабочымі й спэцыялістамі.

«Мы спасылаемся на пункт 1.1 артыкулу 19 закону „Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварыяў“, — тлумачыць рэчыцкі ліквідатар Васіль Гулай. — Асабіста мяне „Беларуснафта“ двойчы пасылала ў чарнобыльскую зону, у тым ліку і на самую атамную станцыю будаваць саркафаг. Таму й патрабуем, каб „Беларуснафта“ і нам выдавала такую ж мэдычную страхоўку, як і цяперашнім працаўнікам».

27 ліпеня судзьдзя Юліяна Файзуліна, якая разглядала справу рэчыцкіх ліквідатараў, адхіліла пазоў як неабгрунтаваны. Сваё рашэньне патлумачыла тым, што ў калектыўнай дамове РУП «Беларуснафта» няма згадкі пра мэдычнае страхаваньне былых сваіх працаўнікоў. А за якасьць мэдычнага абслугоўваньня, прадугледжанага чарнобыльскім заканадаўствам, «Беларуснафта» адказнасьці не нясе — фінансаваньне яго ідзе з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

«Буду абскарджваць рашэньне, калі атрымаю матывацыйную частку, — заявіў Васіль Гулай пасьля абвяшчэньня судовага вэрдыкту.

У РУП «Беларуснафта», паводле заявы яе прадстаўнікоў, налічваецца цяпер 165 ліквідатараў-чарнобыльцаў.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт