Logo Polskiego Radia
Print

Пасольства ЗША ў РФ ня будзе прымаць заявы на візы ад беларусаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.08.2017 16:11
Беларусам рэкамэндуюць зьвяртацца ў пасольствы ЗША ў Варшаве, Кіеве ці Вільнюсе.
www.flickr.com

Пасольства ЗША ў Маскве і амэрыканскае консульства ў Санкт-Пецярбургу спыняюць выдачу не іміграцыйных віз грамадзянам Беларусі, паведамляе сайт пасольства Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Расейскай Фэдэрацыі.

Зьмены ў працы пасольства і консульстваў у Расеі ўводзяцца з-за прынятых расейскімі ўладамі мер па абмежаваньні колькасьці супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі на тэрыторыі РФ.

Так, 23 жніўня консульства ЗША ў Санкт-Пецярбургу, Екацярынбурзе і ва Ўладзівастоку спыняць выдачу не іміграцыйных віз на няпэўны тэрмін. Пазьней гэтую працэдуру адновяць, але ў значна скарочаным аб’ёме. З 1 верасьня сумоўі для атрыманьня амэрыканскіх не іміграцыйных віз стануць праводзіць толькі ў Маскве. Пры гэтым цалкам спынены прыём заяў на атрыманьне амэрыканскіх не іміграцыйных віз ад грамадзян Беларусі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Беларусам рэкамэндуюць зьвяртацца ў пасольствы ЗША ў Варшаве, Кіеве ці Вільнюсе. Пасольства ЗША ў Маскве адмовілася паведамляць, колькі беларусаў да іх зьвяртаюцца і якія тыпы віз запытваюць. Удакладніць гэтую інфармацыю ў амэрыканскім пасольстве ў Менску таксама пакуль не ўдалося.

На сайце пасольства ЗША ў Беларусі гаворыцца, што грамадзяне краіны могуць падаць заяву ў менскае дыппрадстаўніцтва, толькі калі яны прэтэндуюць на не іміграцыйную візу і зьвяртаюцца першы раз. Да не іміграцыйных адносяцца: дыпляматычныя, студэнцкія візы, візы для артыстаў, спартсмэнаў і людзей з выдатнымі здольнасьцямі; візы наведвальнікаў па абмене і для гасьцей дыппрадстаўніцтваў; для ўдзелу ў паездках і праграмах па лініі ўраду ЗША; для асоб старэйшых за 70 гадоў з мэтай турызму, наведваньня сяброў і сваякоў.

racyja.com/belapan.com/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт