Грузія прапануе Беларусі праграму супрацы
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
04.09.2017 10:12
У Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца міністар замежных спраў Грузіі.
Foto: mfa.gov.by
4 верасьня пачаўся афіцыйны візыт у Беларусь міністра замежных спраў Грузіі ў рангу віцэ-прэмʼера Міхаіла Джанэлідзэ. Кіраўнік грузінскай дыпляматыі праводзіць перамовы зь беларускімі дыпляматамі, урадоўцамі й парлямэнтарамі. Заплянаваныя сустрэчы высокага ўзроўню, у тым ліку ва ўрадзе, у Нацыянальным сходзе і Міністэрстве замежных спраў.
Бакі будуць абмяркоўваць пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва, актывізацыі гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня, разьвіцьця парлямэнцкіх сувязяў і рэалізацыі сумесных праектаў.
Па выніках перамоваў у МЗС плянуецца падпісаньне праграмы супрацоўніцтва паміж замежнапалітычнымі ведамствамі на 2018-2019 гады.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у першым паўгодзьдзі 2017-га таваразварот Беларусі з Грузіяй перавысіў 53 мільёны даляраў і павялічыўся амаль на 30%. Пры гэтым прырост экспарту склаў 28% (45 мільёнаў даляраў), імпарт – на 25% (8,4 мільёна даляраў. Сальда дадатнае ў памеры 36 мільёнаў даляраў.
Паводле МЗС/Радыё «Свабода»/юл