Logo Polskiego Radia
Print

Статкевіча асудзілі за сустрэчу з сябрамі й журналістамі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 03.11.2017 15:03
«Створаны прэцэдэнт, калі любое вызваленьне з Акрэсьціна можна лічыць пікетаваньнем», – пракамэнтавала Марыя Адамовіч арышт мужа.
Мікалай Статкевіч (архіўнае фота)Мікалай Статкевіч (архіўнае фота)фота: профіль Мікалая Статкевіча ў "Фэйсбуку"

Апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч, асуджаны на 10 сутак за... сустрэчу з сябрамі і журналістамі – паведамляе інфармагенцтва БелаПАН.

Паводле словаў жонкі Мікалая Статкевіча Марыі Адамовіч, такое рашэньне судзьдзя суду Маскоўскага раёну Менска Тацьцяна Матыль прыняла яшчэ 26 кастрычніка. Адамовіч даведалася пра гэта з судовай пастановы, якую яна атрымала 3 лістапада па пошце. З дакумэнту вынікае, што Статкевіч быў асуджаны «за пікет, праведзены 7 кастрычніка каля Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсьціна».

Насамрэч у той дзень Статкевіч выйшаў на волю з турмы на Акрэсьціна пасьля 15 сутак арышту за ўдзел у мітынгу 3 ліпеня. Палітыка сустракалі жонка, актывісты й журналісты.

«Створаны шыкоўны прэцэдэнт, калі любое вызваленьне з Акрэсьціна можна лічыць пікетаваньнем », – пракамэнтавала Адамовіч новы арышт мужа.

У цяперашні час Статкевіч знаходзіцца ў ЦІП. З 31 кастрычніка ён адбывае 5-суткавы арышт за акцыю супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэньняў «Захад-2017.

Naviny.by/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт