Памежнікі затрымалі групу нелегалаў зь Віетнама
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
10.11.2017 16:44
Памежнікі высьвятляюць тых, хто дапамагаў нелегалам дабрацца да мяжы.
Шэўрон Памежнай службы Рэспублікі Беларусь www.gpk.gov.by
Беларускія памежнікі затрымалі восем грамадзян Віетнама, якія спрабавалі незаконна перасекчы беларускую дзяржаўную мяжу, паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце рэспублікі.
«У Гарадзенскім раёне ў памежнай зоне каля населенага пункта Ліхачы за спробу парушэньня мяжы затрыманая група з васьмі грамадзян Віетнама», – паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце.
Нелегальныя мігранты зьмешчаныя ў ізалятар часовага ўтрыманьня Гарадзенскай памежнай групы для наступнага высьвятленьня з удзелам перакладчыка, паведамілі памежнікі. Па іх словах, таксама высьвятляюць тых, хто дапамагаў нелегалам дабрацца да мяжы.
У ДПК адзначылі, што чарговая спроба парушэньня беларуска-летувіскай мяжы зьдзейсьненая выхадцамі з Паўднёва-Ўсходняй Азіі. У канцы мінулага месяца беларускія й летувіскія памежнікі правялі апэрацыю па затрыманьні шасьці віетнамцаў, якім удалося нелегальна перасекчы мяжу й трапіць на тэрыторыю Летувы.
У дачыненьні да гэтай групы нелегалаў распачатыя крымінальныя справы за наўмыснае незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы. Ім пагражае максымальнае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня свабоды тэрмінам да пяці гадоў.
ежедневник/вс