Эўрапейскі інвэстыцыйны банк ухваліў свой першы праект у Беларусі
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
14.12.2017 16:56
Праект датычыць рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М-7/Е28 і аўтадарожнага памежнага пункту пропуску «Каменны Лог».
фота: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі
Рада Эўрапейскага інвэстыцыйнага банка (ЭІБ) ухваліла свой першы праект у Беларусі па рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М-7/Е28 і аўтадарожнага памежнага пункту пропуску «Каменны Лог». Пра гэта было заяўлена на сустрэчы пасла Беларусі ў Бэльгіі й Люксэмбургу Аляксандра Міхневіча зь кіраўніцтвам ЭІБ у Люксэмбургу.
На сустрэчы з дырэктарам дэпартамэнта банка Флавія Палянза й кіраўнікамі структурных падразьдзяленьняў дэпартамэнта, якія адказваюць за супрацоўніцтва зь Беларусьсю па розных напрамках, быў падрабязна абмеркаваны стан спраў, пэрспэктывы й праблемныя пытаньні па кожнаму з праектаў ЭІБ ў Беларусі.
Беларусь атрымала доступ да працы з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам пасьля адмены санкцый Эўразьвязу. Па сутнасьці, гэта апошні ключавы фінансавы інстытут, які ня быў прадстаўлены ў Беларусі.
У чэрвені 2017 года было ратыфікаванае рамачнае пагадненьне паміж Беларусьсю й Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам. Яно прадугледжвае, што ЭІБ можа прадастаўляць фінансаваньне ў выглядзе крэдытаў, гарантый або іншых фінансавых інструмэнтаў, а таксама тэхнічную дапамогу пад інвэстыцыйныя праекты, якія прадстаўляюць інтарэс для Беларусі.
Траса М7 злучае Менск і мяжу зь Летувой, далей працягваючыся па летувіскай шашы А3 да Вільні. Уваходзіць у склад эўрамаршрута Е28 і пан'эўрапейскага калідора. Агульная працягласьць складае 139 км.
Раней паведамлялася, што на праект рэканструкцыі аўтамагістралі й пункта пропуску Эўрапейскі інвэстыцыйны банк можа вылучыць 110 млн еўра.
Эўрапейскі інвэстыцыйны банк быў заснаваны ў 1958 годзе як банк Эўразьвяза. Ён знаходзіцца ва ўласнасьці 28 дзяржаў – членаў ЭЗ. Банк прадастаўляе фінансавыя сродкі, тэхнічныя веды й вопыт для рэалізацыі абгрунтаваных і жыцьцяздольных праектаў у Эўропе й за яе межамі.
naviny.by/вс