Мінінфарм у 2018 годзе будзе разьвіваць інтэрнэт-СМІ й працу ў сацсетках
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
05.02.2018 14:16
Міністар Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што ў дачыненьні да сацсетак не зусім карэктна казаць пра нейкі кантроль.
pixabay.com/Public Domain CC0
Сёлета акцэнт у працы Мінінфарма будзе зроблены на інтэрнэт-СМІ. З такой заявай выступіў міністар інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на калегіі ведамства.
Мінінфарм будзе рабіць акцэнт на інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Адпаведным чынам, паабяцаў міністар, будуць пераарыентоўвацца й фінансавыя плыні.
Карлюкевіч адзначыў, што ў дачыненьні да сацсетак не зусім карэктна казаць пра нейкі кантроль. «Заканадаўчая практыка, маральныя, этычныя падыходы ў працы журналіста павінны супадаць з тым, што разьмяшчаецца ў сацыяльных сетках», – сказаў Аляксандр Карлюкевіч.
Нагадаем, што за час, пакуль Аляксандр Карлюкевіч кіруе Мінінфармам, гэтае ведамства блякавала грамадзка-палітычныя сайты «Беларускі партызан» і «Хартыя'97». Блякаваньне «Беларускага партызана» было зьнятае пасьля таго, як адміністрацыя сайта перавяла яго ў беларускую дамэнную зону.
белта/эўрарадыё/вс