Logo Polskiego Radia
Print

Амаль 37 тыс. подпісаў супраць акумулятарнага заводу перададзеныя прэзыдэнту

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.02.2018 16:05
Прадпрыемства будзе вырабляць тоны шкоднага для здароўя сьвінцовага пылу.
фота Радыё Свабодафота Радыё Свабодаwww.svaboda.org

22 лютага актывісты перадалі ў адміністрацыю прэзыдэнта 36 тысяч 809 подпісаў жыхароў Берасьця і Берасьцейскага раёну супраць будоўлі акумулятарнага заводу ТАА «АйПаўэр» з уласнай кацельняй.

Праваабаронца зь Берасьця Раман Кісьляк сказаў, што да подпісаў прыкладзены зварот, у якім актывісты сабралі ўсе парушэньні, зьвязаныя з праектаваньнем і будаўніцтвам заводу. «Гэта тычыцца і ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, і таго, што грамадзкія абмеркаваньні былі праведзеныя фармальна, людзям нічога пра іх не паведамілі. На прадпрыемстве будзе плавільны цэх, драбілкі, якія будуць вырабляць сьвінцовы пыл – за год больш за тысячу тон адкідаў другой клясы небясьпекі і 150 тон – першай клясы. Пры гэтым у Беларусі няма вытворчасьці для перапрацоўкі такіх адкідаў сьвінцу», – адзначыў Кісьляк.

27 лютага павінен адбыцца судовы працэс па пазове актывістаў супраць кампаніі «АйПаўэр», якая будуе завод. Таксама будзе накіраваны шэраг іншых скаргаў.

Узьвядзеньне акумулятарнага заводу пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасьце». Будаўніцтва вядзе ТАА «АйПаўэр» – рэзыдэнт СЭЗ, падрадчык – кітайскае ТАА «Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе плянуецца наладзіць поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Радыё Свабода/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт