Logo Polskiego Radia
Print

Суд пакараў сяржанта за хабар і зьдзекі з шарагоўцаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 04.05.2018 15:40
Суд Барысаўскага раёну вынес прысуд сяржанту Арцёму Бердніку — тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
pixabay.com/Public Domain CC0

4 траўня суд Барысаўскага раёну вынес прысуд сяржанту Арцёму Бердніку — тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады цягам 5 гадоў, з пазбаўленьнем воінскага званьня «сяржант».

22-гадовага Арцёма Бердніка з Капыльскага раёну суд прызнаў вінаватым у перавышэньні службовых паўнамоцтваў, гвалце ў дачыненьні да падначаленых і хабары (ч. 1 і ч. 2 артыкула 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Арцём Берднік быў камандзірам падразьдзяленьня ў вайсковай частцы № 43064 у Печах пад Барысавам, дзе ў верасьні 2017 году трагічна загінуў Аляксандар Коржыч.

Берднік быў затрыманы 11 сьнежня 2017 году, пасьля сьмерці Коржыча. Афіцыйна паведамляецца, што справа Бердніка да расьсьледаваньня сьмерці Коржыча ня мае дачыненьня.

Суд устанавіў, што сяржант Берднік хабар браў цыгарэтамі, кавай, а таксама карыстаўся мабільнымі тэлефонамі падначаленых. Агульная сума хабару — 33 рублі 17 капеек. Артыкул прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Вінаватым сяржант сябе не прызнаў: маўляў, нічога не патрабаваў, а каву і цыгарэты шарагоўцы прыносілі самі.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт