Logo Polskiego Radia
Print

Мінкультуры нагадала БПЦ пра забарону на зьмену аблічча культавых аб'ектаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.06.2018 08:11
Гэта рэакцыя на пэтыцыю супраць зьмены аблічча збудаваньняў гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0


Міністэрства культуры накіравала на адрас Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы ліст з заклікам не дапускаць навукова не абгрунтаваныя зьмены помнікаў культавай архітэктуры й страты імі адметных асаблівасьцяў.

Пра гэта гаворыцца ў адказе за подпісам намесьніка міністра культуры Аляксандра Яцко, які 14 чэрвеня атрымалі аўтары пэтыцыі супраць масавай зьмены аблічча культавых аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, у прыватнасьці супраць замены характэрных для беларускай архітэктурнай традыцыі купалаў на праваслаўных цэрквах пазалочанымі купаламі-цыбулінамі.

Тэкст пэтыцыі, а таксама адказу з Мінкультуры апублікаваныя на сайце petitions.by.

Як адзначаецца ў дакумэнце, міністэрства прымае меры „па захаваньні культавых збудаваньняў, якія маюць значнасьць з пункта гледжаньня гісторыі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва й зрабілі значны ўплыў на разьвіцьцё краіны ці асобнага рэгіёна”.

„Міністэрствам культуры накіраваны ліст у адрас Беларускай праваслаўнай царквы аб неабходнасьці выкананьня рэлігійнымі абшчынамі абавязкаў, вызначаных ахоўнымі абавязацельствамі, недапушчэньня страты адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакумэнтальных вартасьцей і навукова не абгрунтаваных зьмяненьняў помнікаў культавай архітэктуры”, - гаворыцца ў адказе зь міністэрства.

Міністэрства культуры рэгулярна праводзіць выбарачны маніторынг выкананьня патрабаваньняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Падчас такіх праверак, адзначаецца ў дакумэнце, „выяўляюцца факты парушэньня патрабаваньняў заканадаўства <...> на гісторыка-культурных каштоўнасьцях, уласьнікамі якіх зьяўляюцца рэлігійныя абшчыны”.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што мясцовыя ўлады й міністэрства робяць усё неабходнае, каб вінаватых у парушэньнях прыцягвалі да адказнасьці, а помнікам архітэктуры вярталі іх гістарычнае аблічча. Так, пасьля ўмяшаньня Мінкультуры ў 2015 годзе Ўсьпенскай царкве ў вёсцы Новы Сьвержань (Стаўбцоўскі раён Менская вобласьць) вярнулі аўтэнтычны купал.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт