Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі зьявяцца новыя помнікі ахвярам Галакосту

PR dla Zagranicy
Eduard Zholud 17.07.2018 08:47
Пры Саюзе беларускіх габрэйскіх грамадзкіх абʼяднаньняў дзейнічае мэмарыяльная камісія, якая сумесна зь іншымі арганізацыямі ажыцьцяўляе гэты праект.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Помнікі ахвярам Галякосту адкрыюць 29-30 ліпеня ў Быхаве й Сьвіслачы, паведаміла прэс-сакратар Саюза беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб'яднаньняў і абшчын Вікторыя Дземідзюк. У цырымоніях возьмуць удзел прадстаўнікі Быхаўскага й Сьвіслацкага райвыканкамаў, фонду імя Саймана Лазаруса зь Вялікабрытаніі й Злучаных Штатаў Амэрыкі, кіраўнікі Саюза беларускіх габрэйскіх грамадзкіх абʼяднаньняў і абшчын.

У ліку запрошаных таксама прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу. У Быхаве на габрэйскіх могілках адкрыецца два помнікі, у Сьвіслачы – адзін. Усяго з 2004 году ў Беларусі пры падтрымцы фонду імя Саймана Лазаруса ўсталявана 106 помнікаў ахвярам Галякосту. Пры Саюзе беларускіх габрэйскіх грамадзкіх абʼяднаньняў дзейнічае мэмарыяльная камісія, якая сумесна зь рэлігійнымі й іншымі арганізацыямі ажыцьцяўляе гэты праект.

«Мэмарыяльныя знакі ўтрымліваюць габрэйскую сымболіку й нагадваюць аб тым, што тут пахаваныя людзі, забітыя па нацыянальнай прыкмеце», – адзначыла Вікторыя Дземідзюк. Саюз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх абʼяднаньняў узьнік у красавіку 1991 году. Асноўныя мэты арганізацыі – адраджэньне й кансалідацыя нацыянальнай і культурнай супольнасьці габрэяў у Беларусі, а таксама дабрачынная дзейнасьць.

belta.by/эж

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт