Logo Polskiego Radia
Print

У прапускным пункце «Брузгі» адновіцца пешаходны рух

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.07.2018 13:41
Пасьля рэканструкцыі КПП адновіцца пешаходны і веласіпедны рух па адмыслова абсталяваных калідорах.
foto:pl.wikipedia.org
foto:pl.wikipedia.org

Рэканструкцыя пункта пропуску «Брузгі» павялічыць яго прапускную здольнасьць і забясьпечыць бясьпечнае перасячэньне мяжы пешаходам, паведамляецца на сайце Гарадзенскай рэгіянальнай мытні.

Рэканструкцыя пункта пропуску зьяўляецца часткай міжнароднага праекта па мадэрнізацыі транзытнага калідора трасы М6. У межах праекта на мяжы паміж Беларусьсю і Польшчай плянуецца пашырыць дарожнае палатно да васьмі палос (4 на ўезд і 4 на выезд).

Прадугледжаная мадэрнізацыя сыстэм радыяцыйнага кантролю на палосах руху транспарту, а таксама аўтаматызаванай сыстэмы распазнаньня і рэгістрацыі нумарных знакаў транспартных сродкаў. Агароджа пункта пропуску па перыметры будзе абсталяваная інтэлектуальным відэаназіраньнем.

Для грузавога транспарту прадугледжана ўстаноўка сучаснага вагагабарытнага абсталяваньня. Пасьля праходжаньня вагагабарытнага кантролю транспартны сродак зможа прайсьці мытны і памежны кантроль на адной з сямі ліній на ўезд (адна прызначаная для пераезду ў транспартна-лагістычны цэнтр) і шасьці на выезд. «Гэта дасьць магчымасьць значна скараціць час знаходжаньня транспартных сродкаў у пункце пропуску і адпаведна павялічыць яго прапускную здольнасьць па грузавым кірунку больш чым у два разы», – гаворыцца ў паведамленьні.

Пасьля рэканструкцыі адновіцца пешаходны і веласіпедны рух праз пункт пропуску па адмыслова абсталяваных калідорах, што ня толькі забясьпечыць бясьпечнае перасячэньне мяжы пешаходаў і веласіпедыстаў, але і павялічыць эфэктыўнасьць правядзеньня мытнага кантролю.

Завяршэньне асноўных відаў работ па аб'екце заплянаванае да канца 2018 года.

belapan.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт