Logo Polskiego Radia
Print

4 жніўня ў цэнтры Менска пройдзе «Сьвята літоўскай культуры»

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 01.08.2018 13:30
Творчыя калектывы зь Літвы і Беларусі выступяць каля менскай ратушы.
Фота: pixabay.com/Public Domain CC0

Культура Літвы і Польшчы будзе прадстаўлена 4 і 5 жніўня ў гістарычным цэнтры Менска.

У суботу з 13.00 да 17.00 пройдзе "Сьвята літоўскай культуры". У гэты час прахожых будуць радаваць сваёй творчасьцю калектывы зь Літвы і Беларусі: аб'яднаны хор Каўнаскага раёна "Вярсьме" і "Мэлёдыя" (Літва), вакальны ансамбль "Віціс" і ансамбль "Няміга" (Менск), вакальна-харэаграфічны ансамбль "Жыльвіціс, Жыльвіцяліс" і літоўскі ансамбль "Рута" (Ліда), а таксама ляўрэаты міжнародных конкурсаў Андрэй Сіманчук (саксафон), Вольга Казлоўская (вакал), пераможца рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу "Я іграю джаз" Альбертас Клімкайціс (саксафон).

Усіх жадаючых навучаць літоўскім народным танцам. Палюбавацца літоўскім нацыянальным касьцюмам, паслухаць літоўскі джаз, паўдзельнічаць у віктарыне на веданьне літоўскіх страў і напіткаў і тут жа іх прадэгуставаць — усё гэта можна будзе зрабіць 4 жніўня.

Таксама будуць прадстаўлены разнаплянавыя выстаўкі: жывапісу, мастацкай апрацоўкі дрэва, вязаньня, вышыўкі, вырабу лялек. Можна будзе азнаёміцца і набыць літаратуру Літвы і набраць буклетаў ад турыстычных кампаній.

Арганізуюць сьвята Менгарвыканкам, Рэспубліканскі цэнтар нацыянальных культур, культурна-гісторыка-асьветная гарадзкая грамадзкая арганізацыя "Аб'яднаньне літоўцаў "Віціс", рэспубліканская грамадзкая арганізацыя "Беларуская абшчына літоўцаў".

5 жніўня ля ратушы з 13.00 да 23.00 будзе прадстаўлена Польшча, якая сёлета адзначае 100-годзьдзе аднаўленьня незалежнасьці.

Belta.by/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт