Сусьветны банк прафінансуе перапіс насельніцтва Беларусі 2019 года. На гэта будзе выдзелена 1,9 мільёна даляраў. Адпаведнае пагадненьне будзе заключана з Нацыянальным статыстычным камітэтам Беларусі.
Пробны перапіс насельніцтва ў Маладэчанскім раёне паказаў, што траціна апытаных гатова ўдзельнічаць у інтэрнэт-перапісе. Гэта дазволіць значна зьменшыць колькасьць людзей, занятых у правядзеньні перапісу — з 46 тысяч чалавек у 2009 годзе да 10 тысяч у 2019-м.
Пробны перапіс у Маладэчанскім раёне паказаў, што цяпер на запаўненьне перапіснога ліста патрабуецца 5 хвілін. Падчас перапісу 2009 года гэта займала ад 15 да 20 хвілін. Скарачэньне працэдуры зьвязана з тым, што перапіс будуць весьці на пляншэтах, і частка адказаў на пытаньні ўжо будзе запоўнена.
Адметнасьць новага апытаньня ў тым, што ў ім пашыраны блёк пытаньняў пра міграцыю. Белстат будзе даведвацца, хочуць ці ня хочуць людзі зьяжджаць зь Беларусі, а таксама што падштурхнула іх працаваць за граніцай.
Перапіс адбудзецца ў кастрычніку 2019 году. Папярэднія даныя зьявяцца праз тры месяцы, а апрацоўка ўсіх зьвестак зойме паўтара года.
Пытаньне пра нацыянальную прыналежнасьць будзе сфармулявана такім чынам: «Да якой нацыянальнасьці вы сябе адносіце?» Прапанаваныя варыянты адказу: беларус, расеец, паляк, украінец, не паведаміў, іншыя адказы.
У перапісным лісьце, які запаўнялі падчас пробнага перапісу ў Маладэчне, было два пытаньні, якія тычыліся мовы:
1) Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)?
2) На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?
Прапаноўваліся 5 варыянтаў адказаў: беларуская, расейская, польская, украінская, іншая.
Сярод варыянтаў адказаў пра нацыянальнасьць і мову не фігуруюць літоўцы — карэннае насельніцтва паўночна-заходняй Беларусі.
Svaboda.org/вк