Logo Polskiego Radia
Print

Больш за 260 чалавек удзельнічала ў форуме прадпрымальнікаў у Менску

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 01.10.2018 19:03
Цяперашні форум прысьвечаны прапановам па паляпшэньні ўмоў вядзеньня бізнэсу ў Беларусі, якія ІП падрыхтавалі для новага ўрада краіны.
pixabay.com/Public Domain CC0

Больш за 260 прадстаўнікоў малога бізнэсу ўдзельнічала ў форуме прадпрымальнікаў, які праходзіў 1 кастрычніка ў менскім культурна-дзелавым цэнтры «Дом Масквы». Форум арганізаваны рэспубліканскім грамадзкім аб’яднаньнем «Пэрспэктыва».

На сустрэчу прыехалі прадпрымальнікі з 19 гарадоў – Магілёва, Заслаўя, Беразіна, Быхава, Віцебска, Дзяржынска, Асіповічаў, Мазыра, Рэчыцы, Пінска, Берасьця, Барысава, Маладзечна, Горадні, Жлобіна, Гомеля, Менска, Івацэвічаў і Слуцка.

Старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка на адкрыцьці форуму паведаміў, што на яго былі запрошаныя прадстаўнікі Адміністрацыі прэзыдэнта й ведамстваў, аднак урад, паводле слоў лідара аб’яднаньня, фактычна «форум праігнараваў». З усіх запрошаных на сустрэчу з ІП прыйшлі толькі начальнік аднаго з упраўленьняў Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня й гандлю й некалькі чыноўнікаў абласной адміністрацыі.

Цяперашні форум прысьвечаны прапановам па паляпшэньні ўмоў вядзеньня бізнэсу ў Беларусі, якія ІП падрыхтавалі для новага ўрада краіны. Раней Шумчанка заявіў БелаПАН, што правесьці форум у пачатку восені было вырашана шмат у чым з-за зваротаў прадпрымальнікаў, якія паступілі з рэгіёнаў. ІП устрывожаныя тым, што ім у працы даводзіцца сутыкацца з новымі праблемамі, у той час як старыя ня вырашаныя.

naviny.by/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт