Logo Polskiego Radia
Print

6 і 4 гады за "дзядуху" атрымалі камандзір роты й прапаршчык з часткі ў Печах

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.10.2018 15:33
Менскі абласны суд вынес прысуд камандзіру роты Паўлу Сукавенку й прапаршчыку Артуру Вірбалу.
pixabay.compixabay.com

У пятніцу, 19 кастрычніка, Менскі абласны суд вынес абвінаваўчы прысуд камандзіру роты Паўлу Сукавенку і прапаршчыку Артуру Вірбалу. Іх прызналі вінаватымі па ч. 1, ч. 2 арт. 455 КК (Злоўжыванне ўладай, перавышэньне ўлады альбо бязьдзейнасьць улады).

– Прашу суд прызначыць мне пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. У далейшым пляную працаўладкавацца, каб прыносіць карысьць сваёй сям'і і грамадзтву, – казаў падчас апошняга слова абвінавачаны Артур Вірбал.

Адвакат Аляксандр Галіеў, які ў гэтым працэсе прадстаўляў інтарэсы камандзіра роты Паўла Сукавенку, прасіў суд улічыць усе акалічнасьці і таксама не пазбаўляць волі свайго падабароннага.

У выніку Менскі абласны суд прысудзіў камандзіра роты Паўла Сукавенку да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, прапаршчыка Артура Вірбала – да 4 гадоў. Яны будуць пазбаўленыя воінскіх званьняў.

Сукавенка, пачуўшы прысуд, заплюшчыў вочы. Па выразе твару Вірбала было зразумела, што ён не чакаў такога суровага пакараньня. Ён цяжка ўздыхнуў і нешта ціха сказаў.

Адвакат Сукавенкі Аляксандр Галіеў заявіў: «Высокая імавернасьць, што мы будзем абскарджваць прысуд».

Разгляд справы па нестатутных адносінах у Печах пачаўся 1 кастрычніка, гэтая крымінальная справа зьявілася пасьля гібелі Аляксандра Коржыча, але да сьмерці радавога, паводле вэрсіі сьледзтва, ня мае дачыненьня.

Па вэрсіі сьледзтва, Павел Сукавенка прысвоіў сабе 64 рублі 29 капеек, якія належалі іншым вайскоўцам. Патрабаваў у падначаленых распушчальную каву і сасіскі ў цесьце. А таксама ўжываў да салдат фізычную сілу: біў драўлянай палкай. Артура Вірбала абвінавацілі ў тым, што ён прымушаў вайскоўцаў адціскацца, а таксама ўжываў фізычную сілу.

tut.by/nn.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт