„Дзецюкі” едуць у Латвію
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
21.11.2018 12:01
23-га лістапада гурт выступіць у Ліепая, а 24 – адбудзецца канцэрт у Рызе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Гарадзенскі гурт Dzieciuki едзе ў міні-тур па Латвіі. 23-га лістапада гурт выступіць у Ліепая, а 24 – адбудзецца канцэрт у Рызе.
„Гэта будзе наш першы выступ у Латвіі, таму што з усіх суседзяў, мы ўжо паўсюль выступалі: Польшча, Летува, Украіна, Расея. Нават у Калінінградзе. Вязём старую яшчэ праграму. Больш сёлета канцэртаў у нас ня будзе, таму што ўсе сілы будуць накіраваны на тое, каб скончыць альбом”, - кажа вакаліст гурта Алесь Дзянісаў.
Музыка ўпэўнены, што новы альбом гурта зьявіцца ў пачатку 2019 году.
„Мы плянавалі выпуск яго ў сьнежні. Але не ўсё залежыць ад нас. Зараз ідзе запіс вакалаў. Пасьля яшчэ зьвядзеньне й мастэрынг. Таму альбом выйдзе дзесьці ў студзені 2019 году”, - лічыць Дзянісаў.
Гурт выдаў за сваю гісторыю два альбомы:”Гарадзенскі гармідар” – у 2014-м годзе і „Рэха” ў 2016-м годзе. Выступае з канцэртамі ў Польшчы й па розных гарадах Беларусі, але фактычна знаходзіцца пад забаронай у роднай Гародні.
racyja.com/аз