Logo Polskiego Radia
Print

Беларуска ўвайшла ў топ-5 конкурсу «Міс сьвету – 2018»

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.12.2018 10:03
Па выніках выпрабаваньняў прадстаўніцу Беларусі назвалі адной з лепшых топ-мадэляў сьвету.
Фіналісткі конкурсу. Беларуска - другая зь левага бокуФіналісткі конкурсу. Беларуска - другая зь левага бокуPAP/EPA/QI MIAO

Пераможніца Нацыянальнага конкурсу прыгажосьці «Міс Беларусь – 2018» 20-гадовая мінчанка Марыя Васілевіч увайшла ў топ-5 конкурсу «Міс сьвету – 2018», фінал якога адбыўся 8 сьнежня ў кітайскім горадзе Санья. Гэта лепшы вынік за ўсю гісторыю ўдзелу Беларусі ў конкурсе.

Пераможніцай «Міс сьвету – 2018» стала прадстаўніца Мэксыкі Ванэса Понсэ дэ Леон. Марыя Васілевіч заваявала тытул «Міс сьвету Эўропа».

У гэтым годзе ў конкурсе ўдзельнічалі прадстаўніцы 118 дзяржаў. Перш чым увайсьці ў пяцёрку, Марыя Васілевіч сьпярша ўвайшла ў топ-30, а пасьля ў топ-12 разам з яшчэ дзьвюма дзяўчатамі ад Эўропы – прадстаўніцамі Францыі і Шатляндыі.

Акрамя Беларусі ў выніковы топ-5 увайшлі прадстаўніцы Ямайкі, Мэксыкі, Тайлянда і Уганды.

Конкурс «Міс сьвету – 2018» стартаваў 9 лістапада. На працягу месяца дзяўчаты праходзілі розныя выпрабаваньні пад пільнай увагай членаў журы. Удзельніцы прэзэнтавалі сябе падчас дабрачынных праектаў і шоў талентаў. Па выніках выпрабаваньняў прадстаўніцу Беларусі назвалі адной з лепшых топ-мадэляў сьвету. Акрамя таго, Марыя Васілевіч увайшла ў лік самых спартыўных дзяўчат.

Падрыхтоўкай беларускі да ўдзелу ў конкурсе займалася Нацыянальная школа прыгажосьці пры падтрымцы Міністэрства культуры.

Міжнародны конкурс прыгажосьці «Міс сьвету» праводзіцца штогод з 1951 года і разам з «Міс Сусьвет», «Міс Інтэрнэшнл» і «Міс Зямля» лічыцца адным з найбольш прэстыжных спаборніцтваў такога роду.

БелаПАН/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт