Logo Polskiego Radia
Print

Мінабароны паведаміла колькасны склад беларускага войска

PR dla Zagranicy
Eduard Zholud 21.02.2019 12:34
«За тры апошнія гады колькасьць арміі не зьмянілася і знаходзіцца ў межах, вызначаных кіраўніком дзяржавы, – каля 65 тыс. чалавек»
youtube.com/screen

Колькасны склад Узброеных сіл Беларусі на працягу апошніх трох гадоў захоўваецца на ўзроўні 65 тыс. чалавек, паведамілі ў Міністэрстве абароны па выніках брыфінгу з ваеннымі аташэ замежных дзяржаў.

«Прысутныя былі паінфармаваныя, што падчас аптымізацыі складу Ўзброеных Сілаў упор зроблены на павелічэньне колькасьці баявога кампанэнту. Пры гэтым за тры апошнія гады колькасьць арміі не зьмянілася і знаходзіцца ў межах, вызначаных кіраўніком дзяржавы, – каля 65 тыс. чалавек», – гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

«Укамплектаванасьць пасад афіцэрскага складу на ўзроўні 95%, што адпавядае індыкатару нацыянальнай бясьпекі –стабільны, – дадалі ў Мінабароны.

Акрамя таго, адзначылі ў міністэрстве, прыярытэты ў разьвіцьці беларускай арміі аддаюцца сыстэмам кіраваньня, разьведцы, інфармацыйнай бясьпецы, маскіроўцы, радыёэлектроннай барацьбе, супрацьпаветранай абароне, ракетным войскам і артылерыі ды сілам спэцыяльных апэрацый. Сёлета Ўзброеныя Сілы Беларусі прынялі на ўзбраеньне і забесьпячэньня 83 новыя ўзоры ўзбраеньня, ваеннай ды спэцыяльнай тэхнікі.

Брыфінг правёў начальнік дэпартамэнту міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны – памочнік міністра абароны па пытаньнях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генэрал-маёр Алег Воінаў. У брыфінгу ўдзельнічалі ваенныя аташэ зь 28 краін сьвету.

interfax.by/эж

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт