Logo Polskiego Radia
Print

Арганізатары Дня Волі ў Менску вырашылі не плаціць міліцыі за ахову

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.04.2019 14:16
Заяўнікі накіравалі міліцыі пісьмовую прэтэнзію й не выключаюць, што пойдуць у суд.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: pixaby. com/ CC0 Public DomainЗдымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: pixaby. com/ CC0 Public DomainPhoto: pixaby. com/ CC0 Public Domain

Арганізатары Дня Волі ў Менску вырашылі не плаціць міліцыі за ахову
Заяўнікі накіравалі міліцыі пісьмовую прэтэнзію й не выключаюць, што пойдуць у суд.
Як паведаміў на Facebook адзін з арганізатараў менскага мітынгу-канцэрту на Дзень Волі, старшыня руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч, рашэньне аб адмове ад аплаты паслуг міліцыі зьвязана зь незаконнымі дзеяньнямі праваахоўнікаў. Заяўнікі накіравалі міліцыі пісьмовую прэтэнзію й не выключаюць, што пойдуць у суд.
У Кіеўскім сквэры ў Менску 24 сакавіка прайшоў мітынг-канцэрт, прысьвечаны 101-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Імпрэза была арганізаваная паводле заяўнага прынцыпу — дазвол Менгарвыканкаму ня быў патрэбен, трэба было толькі аплаціць паслугі міліцыі, мэдыкаў і прыбіральнікаў. Але міліцыя, як мяркуюць арганізатары, ня справілася са сваёй задачай.
Прэтэнзіі арганізатараў, якія таксама агучыла ў стрыме на Facebook сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, такія:
•Невядомыя асобы — „людзі ў цывільным” — выкралі з пляцоўкі, якая была пад аховай міліцыі, былога лідэра „Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча й сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага. Яны ня лічаць гэта затрыманьнем, бо „людзі ў цывільным” не прадставіліся й не назвалі прычынаў.
•Супрацоўнікі міліцыі ў форме ня толькі адмовіліся рэагаваць на выкраданьне палітыкаў „людзьмі ў цывільным”, але й не адказалі, хто каардынуе іхную працу ў Кіеўскім сквэры.
•На выхадзе з пляцоўкі мітынгу-канцэрту міліцыянты незаконна забаранялі наведнікам выходзіць з разгорнутымі бел-чырвона-белымі сьцягамі, не адказвалі на просьбы патлумачыць забарону й пагражалі затрыманьнямі.
•Міліцэйскае начальства заявіла, што колькасьць удзельнікаў перавысіла заяўленую — „да 1000 чалавек”. Паводле міліцыянтаў, у Менску сабраліся да 1500 чалавек, калі днём раней у Горадні — 600. Губарэвіч сьцьвярджае, што „ўсё было роўна наадварот” (раней менскія арганізатары казалі, што налічылі 5-7 тысяч удзельнікаў).
Паводле першапачатковай дамовы зь міліцыяй, арганізатары мусілі сплаціць міліцыі 150 базавых велічыняў — 3825 рублёў. Пасьля „перавышэньня” — 250 базавых, або 6385 рублёў. Як расказала Кавалькова, міліцэйскае начальства прызналася, што самастойна не лічыла колькасьць удзельнікаў, а абапіралася толькі на заявы арганізатараў. Губарэвіч адзначыў, што паслугі міліцыі ўжо аплочваюцца грамадзянамі праз падаткі.
Рымашэўскі тым часам піша, што зьбіраецца таксама падаць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні „людзей у цывільным” — яго забралі, калі ён спрабаваў высьветліць, за што забралі Дашкевіча. Рымашэўскага адпусьцілі, „пакатаўшы” ў аўтобусе „людзей у цывільным” некалькі кругоў.
Дашкевіч знайшоўся ў судзе толькі праз два дні — аказалася, ён быў у ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна. Яго аштрафавалі на 1147,5 рубля за „заклікі да несанкцыянаванай акцыі” — на мітынгу ён прапаноўваў запаліць зьнічы ў Курапатах, ускласьці кветкі, а таксама прыходзіць да мэмарыялу, бо там цяпер пачасьціліся акты вандалізму.
Яшчэ адна затрыманая на менскім мітынгу-канцэрце, актывістка Натальля Басалыга, знайшлася ў судзе пасьля трох дзён у ізалятары. Яе спрабавалі асудзіць за „дробнае хуліганства” (нібыта „нахабна сябе паводзіла, гучна крычала, навязвала сваю прысутнасьць”), ды не змаглі (паказаньні сьведак-міліцыянтаў не супалі між сабой і з бачным на стрымах затрыманай) і адаслалі пратакол на дапрацоўку.
svaboda.org/аз

Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт