Logo Polskiego Radia
Print

Чарнобыльскі шлях плянуецца правесьці 26 красавіка па традыцыйным маршруце

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.04.2019 12:33
Першае пасяджэньне аргкамітэту мерапрыемства прайшло ў Менску.
photo: www.narodny.org

У Менску адбылося першае пасяджэньне арганізацыйнага камітэту сёлетняга Чарнобыльскага шляху.

У аргкамітэт традыцыйнай жалобнай акцыі ўвайшлі Партыя БНФ, партыя «Зялёныя», аргкамітэт партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», БСДП, ПАГА «Рух за свабоду», АГП, Рух салідарнасьці «Разам», грамадзкае аб’яднаньне Экадом.

Аргкамітэт прыняў рашэньне аб правядзеньні 26 красавіка традыцыйнай штогадовай акцыі «Чарнобыльскі шлях» з мэтай прыцягненьня грамадзкай увагі да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступстваў, праблемаў разьвіцьця атамнай энэргетыкі і пратэсту супраць Астравецкай АЭС, як пагрозы нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь.

У наступны панядзелак плянуецца падача заяўкі ў Менгарвыканкам на правядзеньне дэманстрацыі па традыцыйным маршруце: збор удзельнікаў дэманстрацыі ў 17:30 на пляцоўцы каля галоўнага ўваходу ў Прэзыдыюм НАН Беларусі, шэсьце да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля», мітынг і ўскладаньне кветак да памятнага знаку.

«Чарнобыльскі шлях» – традыцыйная вулічная акцыя ў фармаце шэсьця, якую штогод 26 красавіка праводзіць апазыцыя. Першая акцыя адбылася ў 1988 годзе з ініцыятывы Беларускага Народнага Фронту, і з таго часу шэсьце адбываецца штогод. Выключэньнем быў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсьце, даўшы дазвол толькі на правядзеньне мітынгу. Самым масавым быў Чарнобыльскі шлях 1996 году (да 50 тысяч чалавек), які несанкцыянавана прайшоў па праспэкце Скарыны (цяпер Незалежнасьці). У сутыкненьнях з міліцыяй пацярпелі каля 100 чалавек. Ад 2008 году да тэмы памяці Чарнобыльскай аварыі дадалася тэма небясьпекі будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі па праекце расейскай кампаніі «Росатом».

прэс-служба Партыі БНФ/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт