Logo Polskiego Radia
Print

Мінлясгас «гатовы вярнуць» уласьнікам зьнесеныя курапацкія крыжы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 10.04.2019 15:54
Некалькі актывістаў просяць вярнуць 70 зьнесеных крыжоў ва ўрочышчы.
КурапатыКурапатыАляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

У Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі заяўляюць, што Бараўлянскі спэцлясгас гатовы вярнуць уласьніку дэмантаваныя ў Курапатах крыжы, калі будуць прадстаўленыя дакумэнты, якія сьведчаць аб праве ўласнасьці на іх. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала прэсавы сакратар Мінлясгасу Анастасія Дакучаева.

«Адпаведна, трэба зьвярнуцца ў спэцлясгас, прадставіць дакумэнты, што гэта іх уласнасьць, і крыжы будуць вернутыя», — сказала Анастасія Дакучаева.

Дзе цяпер захоўваюцца крыжы, зьнесеныя ў Курапатах 4 красавіка, Анастасія Дакучаева не паведаміла, бо «не валодае такой інфармацыяй».

«Дакумэнты, якія даказваюць, чыя гэта ўласнасьць, я прыклаў да заявы ў пракуратуру, якую аднёс у панядзелак, — сказаў Свабодзе Зьміцер Дашкевіч. — Да заявы прыкладзеныя копіі чэкаў на дрэва, мэтал, фарбу — на ўсё, з чаго рабіліся крыжы. (…) Забяром гэтыя крыжы і захаваем да лепшых часоў».

Некалькі актывістаў аднесьлі ў Адміністрацыю прэзыдэнта адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім просяць яго вярнуць 70 зьнесеных крыжоў ва ўрочышчы.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт