Logo Polskiego Radia
Print

На расейска-беларускіх перамовах вырашаецца пытаньне аб пастаўках нафты

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.05.2019 14:45
Паводле ацэнкі Менску, страты Беларусі з-за няякаснай расейскай нафты склалі амаль 140 млн. даляраў.
Магістральныя трубаправоды Ўсходняй ЭўропыМагістральныя трубаправоды Ўсходняй Эўропыcommons.wikimedia.org/public domain

Сёньня ў Маскве працягваюцца перамовы аб транзытных пастаўках нафты па нафтаправодзе «Дружба». Як паведамілі БелаПАН у канцэрне «Белнафтахім», перамовы праходзяць у Міністэрстве энэргетыкі Расеі. Беларускую дэлегацыю на іх узначальвае старшыня канцэрна Андрэй Рыбакоў.

Аб пастаўках няякаснай нафты стала вядома ў другой палове красавіка. З-за забруджанай хлёрарганікай сыравіны на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяваньне. Неўзабаве транзыт расійскай нафты ў Эўропу па нафтаправодзе «Дружба» быў спынены цалкам. У Расеі распачатая крымінальная справа аб наўмысным забруджваньні нафты. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку мая.

11 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з-за паставак няякаснай расейскай нафты Беларусь страціла «велізарныя грошы», якія вымяраюцца сотнямі мільёнаў долараў.

16 траўня ў Маскве прайшлі беларуска-расейскія перамовы на ўзроўні віцэ-прэм'ераў, падчас якіх бакі ўзгаднілі праект дарожнай мапы па ўрэгуляваньні сытуацыі з пастаўкамі нафты, а таксама стварылі працоўную групу па ацэнцы шкоды і вызначэньні спосабаў кампэнсацыі.

У той жа час пытаньне аб недаатрыманай выручцы ад транзыту нафты пакуль застаецца адкрытым, кансультацыі на гэтую тэму працягваюцца.

Паводле ацэнкі беларускага боку, недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у красавіку склала 108 млн долараў, а шкода ад пашкоджанага з-за няякаснай нафты абсталяваньня Мазырскага НПЗ – прыкладна 30 млн даляраў.

У сваю чаргу міністар энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак 15 траўня паведаміў журналістам, што, паводле яго асабістай ацэнкі, агульная шкода ад забруджваньня нафты ў трубаправодзе «Дружба» не перавысіць 100 млн даляраў.

belapan.by/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт