Logo Polskiego Radia
Print

У Расеі затрымалі беларускага бізнэсмэна, які "вылечыў 11 тысяч здаровых людзей"

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 22.05.2019 16:25
З 11 тысяч здаровых грамадзян ён атрымаў каля 1 мільярда расейскіх рублёў (больш за $15 мільёнаў).
pixabay.com/Public Domain CC0

Па інфармацыі выданьня «Коммерсант», МУС Расеі падазрае 32-гадовага беларуса, уладальніка сталічнага шматпрофільнага мэдыцынскага цэнтра «Ф Клінікс» Паўла Фралова ў арганізацыі маштабнай, фэдэральнага ўзроўню афёры па аказаньні дарагой, але цалкам непатрэбнай мэдыцынскай дапамогі.

Фралоў - грамадзянін Беларусі, які жыве ў Маскве. Па вэрсіі паліцыі, падкантрольным Фралову дактарам у розных гарадах Расеі ўдалося «вылечыць» больш за 11 тысяч здаровых грамадзян і атрымаць з іх за гэта каля 1 мільярда расейскіх рублёў (больш за $15 мільёнаў). Прадстаўнікі бізнэсмэна перакананыя, што той ня меў дачыненьня да махінацый, а скаргі на яго былі ініцыяваныя канкурэнтамі.

Сілавікі лічаць, што з кол-цэнтраў Фралова тэлефанавалі старым людзям і пераконвалі, што варта прайсьці медагляд менавіта ў іх медклініках. Пасьля ў кліентаў «знаходзілі» хваробы і пачыналі «лячэньне». Калі грошай у людзей не было, то супрацоўнікі клінік Фралова дапамагалі «пацыентам» аформіць крэдыты ў банках. Агулам пацярпела каля 11 тысяч чалавек.

Па справе затрымалі ўжо 25 чалавек — і затрыманьні працягваюцца.

Затрымалі Фралова ў Маскве, пасля чаго адправілі ў Чувашыю, у горад Чабаксары. Там суд вырашыў зьмясціць Фралова пад варту на два месяцы. Мясцовыя сьледчыя падазраюць бізнэсмэна ў махлярстве ў асабліва буйных памерах, яму пагражае 10 гадоў за кратамі.

nn.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт