Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі кіраўнік бярэ ўдзел у саміце ШАС

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.06.2019 13:32
Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва праходзіць у Кыргызстане.
Foto: EPA/IGOR KOVALENKO Dostawca: PAP/EPA

Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з двухдзённым працоўным візытам у Бішкеку, перадае БЕЛТА.

Беларускі кіраўнік прыме ўдзел у пасяджэньні Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, дзе Беларусь мае статус дзяржавы-наглядальніцы.

Падчас пасяджэньня заплянавана выступ Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі кіраўнік акрэсьліць пазыцыю афіцыйнага Менска па далейшым разьвіцьці супрацоўніцтва ў рамках гэтага інтэграцыйнага абʼяднаньня.

Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц ШАС пачнецца ў Бішкеку 14 чэрвеня з нарады ў вузкім складзе, якая традыцыйна пройдзе ў закрытым рэжыме. Плянуецца абмеркаваць бягучы стан і пэрспэктывы далейшага паглыбленьня ўзаемадзеяньня па такіх напрамках, як бясьпека, процідзеяньне тэрарызму і наркатрафіку, пытаньні разьвіцьця эканомікі, прамысловасьці, супрацоўніцтва ў гуманітарнай сфэры. Акрамя таго, удзельнікі закрытай сустрэчы абмяркуюць стан спраў у Аўганістане ды на Блізкім Усходзе.

Затым удзельнікі саміту правядуць пасяджэньне ў пашыраным складзе з удзелам кіраўнікоў дэлегацый краін-наглядальніц. Таксама будуць прысутнічаць кіраўнікі шэрага міжнародных арганізацый, у тым ліку намесьнік генэральнага сакратара ААН, старшыня Выканкама СНД, выконваючы абавязкі генэральнага сакратара АДКБ і старшыня Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі. На пашыраным пасяджэньні трэба будзе абмеркаваць актуальныя праблемы глябальнай бясьпекі і рэгіянальнай стабільнасьці.

Па выніках саміту лідэры ШАС падпішуць Бішкекскую дэклярацыю, у якой будзе адлюстравана пазыцыя бакоў па далейшым расшырэньні арганізацыі.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт