Logo Polskiego Radia
Print

На сэсіі РПЧ ААН праз тыдзень плянуецца заслухаць даклад па Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.06.2019 16:51
За мінулы год не адбылося істотнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека, але былі некаторыя пазытыўныя зьмены.
www.pixabay.com

41-я сэсія Рады па правах чалавека (РПЧ) ААН будзе працаваць у Жэнэве з 24 чэрвеня па 12 ліпеня. Падчас яе плянуецца заслухаць справаздачу спэцдакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын - паведамляецца на сайце БелаПАН.

Даклад, тэкст якога апублікаваны на сайце РПЧ, ахоплівае пэрыяд з 1 мая 2018-га па 31 сакавіка 2019 года. У ім гаворыцца, што за мінулы год у Беларусі не адбылося істотнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека, аднак былі некаторыя пазытыўныя зьмены.

Адзначаецца, што ўрад Беларусі па-ранейшаму не прызнае мандат спэцдакладчыка ААН, і гэта абмежавала магчымасьці Анаіс Марын канструктыўна ўзаемадзейнічаць з уладамі. Яна заклікае Мінск перагледзець пазыцыю ў дачыненьні да мандата спэцдакладчыка.

«На падставе сабранай інфармацыі спэцыяльны дакладчык не можа засьведчыць важных паляпшэньняў у сфэры выкананьня правоў чалавека ў Беларусі, – гаворыцца ў дакладзе. – Напрыклад, працягваецца прымяненьне сьмяротнага пакараньня, няма прагрэсу ў папярэджаньні катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, хоць у папярэднія гады было зробленае шмат рэкамэндацый (па паляпшэньні сытуацыі па гэтых пытаньнях. – БелаПАН.)».

У якасьці пазытыўных зьмен Марын адзначае дэкрыміналізацыю артыкула 193.1 КК (дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый) і ўнясеньне ў закон аб масавых мерапрыемствах паправак, якія ўвялі паведамляльны (разам з заяўным) прынцып правядзеньня масавых мерапрыемстваў. «Гэта невялікія крокі, якія хоць і ідуць у правільным кірунку, але яшчэ не сьведчаць пра рэальныя зьмены ў палітыцы ўладаў», – гаворыцца ў дакумэнце.

Зьніжэньне колькасьці затрыманьняў і арыштаў спецдакладчык зьвязвае з тым, што ў справаздачны пэрыяд у Беларусі не адбывалася буйных палітычных ці грамадзкіх мерапрыемстваў. Пры гэтым удзельнікаў любых несанкцыянаваных акцый караюць штрафамі альбо арыштамі, адзначае Марын.

У якасьці прыкладаў у дакладзе згаданыя затрыманьні і штрафы ўдзельнікаў акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам і некалькі выпадкаў затрыманьня людзей за фатаграфаваньне каля статуі гарадавога блізу будынка МУС у Менску.

Акрамя таго, гаворыцца ў дакумэнце, у справаздачны пэрыяд аднавіўся націск на незалежных журналістаў і СМІ. Так, у чэрвені 2018 года была распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да заснавальніка і дырэктара БелаПАН Алеся Ліпая, якую закрылі пасьля яго сьмерці ў жніўні.

У дакладзе таксама адзначаецца, што ўлады працягвалі штрафаваць журналістаў-фрылансараў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. У 2018 годзе было накладзена 118 штрафаў прыкладна на 48 тысяч долараў.

У Беларусі існуе «жорсткі і карны падыход» да маргінальных груп – напрыклад нарказалежных або беспрацоўных, гаворыцца ў дакумэнце. Анаіс Марын заўважае, што некаторыя групы (цыганы, прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасьці, ВІЧ-інфікаваныя) працягваюць зьведваць у Беларусі дыскрымінацыю.

Пэрыяды сур'ёзных парушэньняў правоў чалавека, гаворыцца ў дакладзе, у Беларусі маюць цыклічны характар і супадаюць з буйнымі палітычнымі падзеямі, таму існуе рызыка павелічэньня выпадкаў парушэньня правоў чалавека ў краіне ў сувязі з парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі.

На думку спэцдакладчыка, РПЧ павінен працягнуць маніторынг сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Даклад зьмяшчае рэкамэндацыі беларускім уладам па паляпшэньні сытуацыі.

Плянуецца, што даклад па Беларусі будзе заслуханы РПЧ ААН 1 ліпеня.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт