Менск можа прыняць Генасамблею ЮНВТО ў 2023 годзе
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
01.07.2019 11:21
Генсакратар Сусьветнай турысцкай арганізацыі прапанаваў правесьці ў 2023 годзе Генасамблею ў Менску.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Генэральны сакратар Сусьветнай турысцкай арганізацыі (ЮНВТО) Зураб Палалікашвілі прапанаваў правесьці ў 2023 годзе Генасамблею ў Менску й абмеркаваць на ёй найбольш актуальныя праблемы разьвіцьця турызму ў сьвеце. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства спорту й турызму па выніках сустрэчы генэральнага сакратара зь міністрам Сяргеем Кавальчуком.
Паводле слоў Зураба Палалікашвілі, ён не выпадкова прыляцеў у Беларусь у час Эўрапейскіх гульняў, паколькі вялікія спартыўныя мерапрыемствы заўсёды прывабліваюць вялікую колькасьць турыстаў. Генэральны сакратар адзначыў, што яму цікава ацаніць гэты мультыспартыўны праект, таму што ЮНВТО плянуе ў бліжэйшы час больш актыўна прапагандаваць менавіта спартыўны турызм. З гэтай мэтай ужо разглядаюцца прапановы й праекты, у якіх могуць быць задзейнічаны міжнародныя спартыўныя арганізацыі, асобныя клюбы й выдатныя спартсмэны.
„Зураб Палалікашвілі прапанаваў, каб пасьля заканчэньня гульняў беларускі бок падрыхтаваў прэзэнтацыю аб тым, як Эўрапейскія гульні паўплывалі на прыток замежных гасьцей і выступіў на адным з міжнародных мерапрыемстваў пад эгідай ЮНВТО. Ён таксама адзначыў, што Сусьветная турысцкая арганізацыя плянуе аб'явіць 2020 год Годам аграэкатурызму, і назапашаны Беларусьсю вопыт па разьвіцьці гэтага сэгмэнта таксама мог бы быць карысны іншым краінам”, - расказалі ў прэс-службе.
Яшчэ адзін напрамак, які актыўна разьвівае ЮНВТО, - гэта стымуляваньне дзелавой актыўнасьці людзей ня толькі ў сталіцах, але і ў рэгіёнах. На думку Зураба Палалікашвілі, гэта садзейнічае стварэньню рабочых месцаў, пашырэньню турысцкіх дэстынацый, разьвіцьцю інфраструктуры. Генэральны сакратар адзначыў, што Беларусь мае выгаднае геаграфічнае становішча.
У сваю чаргу Сяргей Кавальчук праінфармаваў госьця аб мерах, якія апошнім часам прыняты кіраўніцтвам Беларусі па разьвіцьці турызму. У прыватнасьці, аб увядзеньні 30-дзённага бязьвізавага знаходжаньня іншаземцаў, унясеньні зьмяненьняў у заканадаўчую базу, правядзеньні маркетынгавых мерапрыемстваў, накіраваных на пашырэньне на сусьветным рынку турыстычнага патэнцыялу краіны.
аз