Кідалі яйкамі - пад суд
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
07.11.2011 15:33
Трое маладафронтаўцаў чакаюць суду на Акрэцьціна.
Маладафронтаўцы Міхась Мускі, Павал Сяргей і Раман Васільеў, якія сёньня зьдзейсьнілі яечны замах на помнік Леніну ў Менску, знаходзяцца ў ізлятары на Акрэсьціна. Нагадаем, сябры “Маладога Фронту” зранку прабраліся на афіцыйную цырымонію ўскладаньня кветак да помніка Леніну, якую арганізавалі беларускія камуністы і ўзначальвалі дэпутаты “парлямэнта”. Калі пачаўся мітынг, хлопцы некалькі разоў выгукнулі лёзунг “Камунізм – пад трыбунал” і кінулі яйкі ў помнік правадыру пралетарыяту, пасьля чаго паспрабавалі ўцячы. Аднак людзі ў цывільным затрымалі трох маладафронтаўцаў і зьвезлі ў невядомым кірунку.
Празь некалькі гадзін паплечнікі маладафронтаўцаў знайшлі юнакоў у Маскоўскім РАУСе Менска. Затрыманых актывістаў абвінавацілі ў дробным хуліганстве й на ўсіх склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле арт. 17.1. Гэты артыкул прадугледжвае штраф да 30 базавых велічыняў альбо адміністрацыйны арышт да 15 сутак за дзеяньні, што выражаюць яўную непавагу да грамадзтва.
Ці ёсьць закідваньне помніка Леніну непавагаю да грамадзтва й ці можна кучку састарэлых камуністаў назваць грамадзтвам, будзе вырашаць судзьдзя а 10 гадзіне раніцы ў аўторак у судзе Маскоўскага раёна Менска.
Арцём Багданаў, Менск