Logo Polskiego Radia
Print

Чарговы скандал у СБП

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.12.2011 10:52
Альгерд Бахарэвіч – беларускі літаратар, што жыве ў нямецкім Гамбургу – падаў заяўку на выхад зь незалежнага Саюза беларускіх пісьменьнікаў.

kamunikat.org
kamunikat.org

Інфармацыю пра гэта пісьменьнік разьмясьціў на сваёй старонцы ў “Жывым Часопісе”. Паводле Альгерда Бахарэвіча, Саюз беларускіх пісьменьнікаў як арганізацыя, “была й застаецца савецкай па сваім духу й разуменьні задач літаратуры й літаратурнай крытыкі”. Сярод астатніх пералічаных прэтэнзіяў у заяве значыцца крытыка Бахарэвіча іншымі літаратарамі на апошнім Зьезьдзе Саюза пісьменьнікаў, які адбыўся ў суботу, і г.зв. “кампанія па яго дыскрэдытацыі”, распачатая сябрамі СБП.

Асноўнай прычынай гнеўнай рэакцыі Бахарэвіча зьявіўся выступ у прэсе славутага мастака й літаратара Рыгора Сітніцы. Рыгор Сітніца жорстка раскрытыкаваў публіцыстыку Бахарэвіча, які дазваляе ў сваіх артыкулах зьневажаць такіх волатаў беларускай літаратуры, як Янка Купала. У сваіх нататках Бахарэвіч перакрыўляе імя клясыка, называючы яго “Каян Лупака”. Сітніца нават назваў “хунвэйбінамі” тых сучасных літаратараў, якія за кошт “сьцёбу” зь літаратурных клясыкаў спрабуюць зрабіць сабе імя. Нагадаем, панятак “хунвэйбінства” прыйшоў да нас з Кітая часінаў Мао Цзэдуна й азначае выбарнае зьнішчэньне маладым пакаленьнем культурніцкай спадчыны папярэднікаў.

Пасьля палемікі ў прэсе некаторыя пісьменьнікі, у прыватнасьці Славамір Адамовіч, працягнулі крытыку Бахарэвіча на Зьездзе СБП. Гэтыя спрэчкі ня скончыліся якімі-небудзь рашэньнямі Зьезда, аднак было вырашана прааналізаваць публіцыстыку Бахарэвіча ў працоўным рэжыме пасьля правядзеньня Зьезда.

Бахарэвіч ня стаў чакаць, а падаў заяву на выхад з Саюзу. Для пэўнасьці адправіў з Гамбурга, як ён сам напісаў, і па электроннай пошце, і ў капэрце. Калі хадайніцтва будзе задаволенае, патрэба ў падобным аналізе адпадзе. Аднак для гэтага напачатку варта дачакацца пацьверджаньня, што ў Саюзе пісьменьнікаў ліст Бахарэвіча атрымалі.


Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт