Logo Polskiego Radia
Print

В. Парфянкоў пад прэвэнтыўным наглядам

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.01.2012 10:39
  • В. Парфянкоў.mp3
Судовы працэс адбыўся па ініцыятыве начальніка РАУСа Першамайскага раёна.

/

Суд Першамайскага раёну сталіцы пастанавіў усталяваць прэвэнтыўны нагляд над былым палітвязьнем Васілём Парфянковым.

Судовы працэс адбыўся па ініцыятыве начальніка РАУСа Першамайскага раёна, судовае рашэньне ня можа быць абскарджанае. Бліжэйшы год Васіль Парфянкоў правядзе ў строгіх умовах – хлопцу нельга пакідаць кватэру ў часовы прамежак ад 20.00 гадзіны вечара да 06.00 гадзіны раніцы. Міліцыя мае права наведаць яго ў любы час для праверкі, а калі хлопца ня будзе дома ў пазначаны прамежак – зафіксаваць парушэньне. Некалькі парушэньняў – і можа быць заведзеная крымінальная справа за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня. Таксама Парфянкоў ня мае права пакідаць межы гораду без адмысловага дазволу й мусіць зьяўляцца 4-ы разы на месяц у міліцыю для рэгістрацыі.

Нагадаем, Васіля Парфянкова выпусьцілі паводле ўказа Лукашэнкі пра памілаваньне 13 жніўня 2011 году. Хлопца прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках у дзень прэзыдэнцкіх выбараў і пакаралі 4-ма гадамі турмы.

Па вызваленьні Васіля Парфянкова паставілі на прафіляктычны ўлік. Аднак на думку міліцыі, хлопец не апраўдаў давер, ня стаў на шлях выпраўленьня ды працягваў парушаць грамадзкі парадак, што выяўлялася ў адміністрацыйнай адказнасьці.

Васіль Парфянкоў пасьля вызваленьня наведваў масавыя акцыі й зборы незадаволеных грамадзянаў. Апошняй кропляй стаў 13-суткавы арышт за ўдзел у нядаўняй акцыі 19-га сьнежня, што й прывяло да ўзмацненьня санкцый у дачыненьні Васіля Парфянкова.

Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт