Скарга ў ААН
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
11.01.2012 09:36
Упершыню беларус скардзіцца на прымусовую дактыласкапію.
Чарговая скарга зь Беларусі накіравана 10 студзеня ў Камітэт ААН па правах чалавека. Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў палічыў, што, прымушаючы яго да здачы адбіткаў пальцаў, дзяржава парушае артыкулы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Пачалося ўсё з таго, што суд Савецкага раёна Гомеля аштрафаваў Палякова за непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню супрацоўніка міліцыі, які прымушаў прайсьці дактыласкапію. У абласным і Вярхоўным судах скаргі гамельчука не задаволілі. Паколькі ўсе ўнутраныя сродкі абароны былі вычарпаныя, палітык вырашыў звярнуцца ў міжнародную структуру.
У сваім звароце Палякоў прыводзіць довады, чаму прымусовая дактыласкапія парушае ягоныя правы:
«Наяўнасьць у нацыянальным заканадаўстве Беларусі названага прадпісаньня прывяло да прымяненьня да мяне дыскрымінацыі па прыкмеце майго полу й года нараджэньня, забароненай па сэнсу артыкула 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Увёўшы ў нацыянальнае заканадаўства такі выбарчы падыход, Рэспубліка Беларусь парушыла прынцып роўнасьці ўсіх грамадзян перад законам, паколькі падставай для дыскрымінацыі на заканадаўчым узроўні ўвяла такую персанальную характарыстыку як узрост і пол чалавека. У выніку да чалавека ставяцца не як да асобы, а як да прадстаўніка групы людзей (ваеннаабавязаныя грамадзяне). Калі мяне выклікалі ў міліцыю здаць адбіткі пальцаў, я адмовіўся, бо супрацоўнікі міліцыі не прывялі ні аднаго аргумэнта, акрамя як патрабаваньні заканадаўства, які б абавязваў мяне прайсьці працэдуру абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі».
Вясна/ав