Logo Polskiego Radia
Print

У дзяржворганы без дыктафона

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.02.2012 15:49
Грамадзянам Беларусі нельга выкарыстоўваць дыктафоны падчас прыёму ў дзяржворганах.

/

Грамадзяне ня маюць права выкарыстоўваць відэа- і аўдыётэхніку падчас прыёму ў дзяржаўных ворганах. Пра гэта заявіла намесьніца міністра юстыцыі Ала Бодак 1-га лютага на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

„Закон „Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб“, што набыў моц 22-га студзеня, ня ўтрымлівае нормаў, якія літаральна рэглямэнтуюць гэтае пытаньне. Але я лічу, што грамадзянін ня можа выкарыстоўваць тэхніку”, - сказала яна.

Разам з тым, паведаміла Бодак, закон прадугледжвае права дзяржворганаў паводле свайго меркаваньня весьці відэа- ці аўдыёзапіс асабістых прыёмаў грамадзян. Пры гэтым грамадзянін павінен быць загадзя папярэджаны аб выкарыстаньні тэхнічных сродкаў.

Намесьніца міністра юстыцыі Беларусі падкрэсьліла, што спэцсродкі ня будуць выкарыстоўвацца на кожным прыёме. „Думаю, кіраўнік дзяржворгана будзе прымаць рашэньне аб выкарыстаньні тэхнікі, калі сапраўды на прыёме разглядаюцца пытаньні, якія маюць асаблівае значэньне й падлягаюць пільнаму расьсьледаваньню”, - сказала Ала Бодак.

Яна лічыць, што гэта норма „прынята як у інтарэсах дзяржаўных служачых, так і грамадзян, бо ў спрэчных момантах можна будзе зьвярнуцца да запісу”.

БелаПАН /аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт