Малы памежны рух зь Летувой?
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
05.04.2012 15:36
МЗС Беларусі: Беларусь і Летува знаходзяцца ў дастаткова высокай ступені гатоўнасьці для яго запуску.
МЗС Беларусі дашле ноту ў адказ летувіскаму МЗС пра гатоўнасьць да запуску спрошчанага пераходу мяжы жыхарамі памежных рэгіёнаў пасьля канчатковага тэставаньня сыстэмы.
Пра гэта заявіў на брыфінгу ў Менску прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных. Ён патлумачыў, што падрыхтоўчая праца носіць міжведамасны характар, і таму трэба прасачыць усе аспэкты памежнага руху.
Паводле словаў афіцыйнага прадстаўніка зьнешнепалітычнага ведамства, „Беларусь і Летува знаходзяцца ў дастаткова высокай ступені гатоўнасьці для запуску спрошчанага рэжыму перасячэньня дзяржаўнай мяжы”.
Андрэй Савіных таксама дадаў, што беларускі бок у гэтай працы „ўлічвае латыскі досьвед”.
Латвія — першая краіна Эўразьвязу, зь якой ужо дзейнічае пагадненьне аб спрошчаным перасячэньні мяжы жыхарамі памежных рэгіёнаў. Таксама павінны ўступіць у дзеяньне падобныя пагадненьні зь Летувой і Польшчай.
svaboda.org/аз