Любоў Кавалёва атрымала рэчы сына
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
02.05.2012 11:39
З пасылкі зьніклькі запісы, якія вёў Уладзіслаў.
Як паведамляе ПЦ "Вясна", Любоў Кавалёва напісала скаргу на імя начальніка СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваліся абвінавачаныя ў тэрарызме Ўладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў. Пасьля выкананьня сьмяротнага прысуду маці атрымала пакет з рэчамі сына - іх поштай адправілі зь СІЗА КДБ. Але запісы, якія вёў Уладзіслаў, кудысьці зьніклі, - у прыватнасьці жоўтая тэчка, зь якой ён хадзіў на суд, была пустая.
Маці лічыць сьледства й суд, які прысудзіў Канавалава й Кавалёва да сьмяротнага пакараньня, неаб`ектыўнымі. І не выключае, што ў жоўтай тэчцы маглі быць нейкія зьвесткі, якія СІЗА КДБ ня хоча апублікаваць.
Любоў Кавалёва, згодна з заканадаўствам, павінна атрымаць адказ на працягу 15 дзён. Жанчына заявіла, што калі яна не дачакаецца лістоў зь СІЗА КДБ, то будзе зьвяртацца ў іншыя інстанцыі. Маці расстралянага Ўладзіслава атрыманьне запісаў лічыць важным па дзьвюх прычынах. Па-першае, яна ня хоча, каб у чужых руках яны сталі сродкам нейкага шантажу або заробку. Па-другое, яна спадзяецца, што ў будучыні будзе адноўлена сьледзтва па справе выбуху ў менскім мэтро й высьветляцца новыя абставіны.
Любоў Кавалёва лічыць, што яе сын пакараны несправядліва, і спадзяецца, што калі-небудзь ён будзе рэабілітаваны.
Яс/Spring96.org