Кардынал К. Ныч пасьвяціў помнік смаленскім ахвярам
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
26.11.2012 09:50
Цырымонія прайшла ў варшаўскім акадэмічным касьцёле сьв. Анны, дзе ўсталяваны помнік.
Ва ўрачыстасьцях удзельнічалі сем'і міністраў, якія загінулі ў авіякатастрофе: Януша Крупскага і Ўладзіслава Стасяка, а таксама рэктары і студэнты сталічных вышэйшых навучальняў.
Падчас імшы варшаўскі мітрапаліт кардынал Казімеж Ныч заўважыў, што на трагедыю 10 красавіка 2010 г. трэба глядзець праз прызму веры. Сьвятар заклікаў перажываць цяжкія падзеі з Хрыстом, які паказаў, што шлях да ўваскрасеньня ідзе праз крыж.
Ксёндз Яцэк Секерскі з касьцёлу сьв. Анны падкрэсьліў, што пасьвячэнньне і адкрыцьцё помніка ахвярам катастрофы прычыніцца да захаваньня гэтай важкай падзеі ў памяці народу.
Бронзавы помнік прадстаўляе сымбалічныя катынскія сосны і зламаную бярозу. На ёй зьмешчаны драўляны крыж -- той самы, які ў пэрыяд нацыянальнай жалобы стаяў перад прэзыдэнцкім палацам у Варшаве. Ніжэй знаходзяцца дзьве шыльды: адна -- у памяць катынскага злачынства, усталяваная ў васьмідзесятыя гады, і новая, у памяць ахвяраў смаленскай авіякатастрофы. У падмурку помніка знаходзіцца ўрна зь зямлёй зь месца катастрофы.
Аўтарам помніка зьяўляецца Лукаш Крупскі, сын міністра Януша Крупскага.
эб