Амбасадар РБ скрытыкаваў фільм
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
19.04.2013 17:34
“Ніводзін з паказаных у стужцы фрагмэнтаў ня мае нічога супольнага з рэчаіснасьцю" - пасол пра фільм "Жыве Беларусь".
Пасол Беларусі ў Варшаве Віктар Гайсёнак напісаў ліст фірме, якая ў Польшчы распаўсюджвае фільм "Жыве Беларусь". Афіцыйнага камэнтара фірмы-дыстрыбутара пакуль няма, але ўжо вядома, што ліст Віктара Гайсёнка ніяк не паўплывае на дэманстрацыю стужкі ў польскіх кінатэатрах. У лісьце амбасадара, між іншым, гаворыцца, што “рэкляма ў польскіх кінатэатрах фільму «Жыве Беларусь» рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча выклікае пэўную занепакоенасьць”. Паводле Віктара Гайсёнка, надзвычай сумнеўнай падаецца неабходнасьць дэманстрацыі польскім гледачам фальшывай карціны, пададзенай у фільме. “Ніводзін з паказаных у стужцы фрагмэнтаў ня мае нічога супольнага з рэчаіснасьцю, а папросту дэманструе хворую фантазію аўтара сцэнара” – напісаў пасол.
Віктар Гайсёнак таксама задае пытаньне: навошта прыязную Польшчы краіну паказваць у настолькі нэгатыўным сьвятле, узбуджаючы ў паляках непрыхільнасьць да іх блізкага ўсходняга суседа? “Народы нашых дзяржаваў заўсёды жылі ў згодзе й сяброўстве, але, відаць, ня ўсіх задавальняе такі стан рэчаў, і праз стварэньне такіх фільмаў робіцца спроба пасварыць беларусаў і палякаў” – напісаў амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак.
Фільм «Жыве Беларусь» зьняты паводле сцэнара, аўтарамі якога зьяўляюцца рэжысёр Кшыштаф Лукашэвіч і Франак Вячорка. Галоўную ролю выканаў беларускі музыкант Дзьмітры “Вінсэнт” Папко.
белсат/вс