Logo Polskiego Radia
Print

Вырашаецца ўзровень стаўкі рэфінансаваньня

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.07.2013 16:49
У Варшаве праходзіць двухдзённае паседжаньне Рады грашовай палітыкі па гэтай справе.

/

У Варшаве праходзіць двухдзённае паседжаньне Рады грашовай палітыкі. Паводле ацэнкі фінансавага аналітыка Лукаша Бугая, чальцы рады вырашаць пра паніжэньне стаўкі рэфінансаваньня, як мінімум на чвэрць працэнта.

Паводле аналітыка, эканамічныя дадзеныя толькі пацьвярджаюць неабходнасьць далейшага зьмякчэньня грашова-крэдытнай палітыкі ў Польшчы.

Лукаш Бугай: Нагадаю, надалей назіраецца вельмі нізкі ўзровень інфляцыі й слабая эканамічная кан’юнктура. Дадаткова, галоўнае пытаньне - эканамічны рост, прагназаваны ад пачатку году, надалей ня бачны, хаця прайшло ўжо 6 месяцаў.

Усё ж аналітык дадае, што пра ўзровень стаўкі рэфінансаваньня чальцы рады будуць вырашаць на падставе большай колькасьці эканамічных дадзеных, чым валодаюць камэнтатары.

Лукаш Бугай: Чальцы Рады грашовай палітыкі будуць прымаць рашэньне таксама на падставе прагнозу інфляцыі, які камэнтатарам пакуль невядомы. Беручы пад увагу гэты недахоп інфармацыі, сапраўды, нейкі сюрпрыз магчымы. Тым ня менш, апошнія выказваньні чальцоў рады пра гэта ня сьведчаць.

Нагадваем, прагнозы, датычныя інфляцыі й росту ВУП у Польшчы, апрацоўваюць эканамісты НБП. Гэтыя справаздачы публікуюцца тры разы на год.

Цяпер стаўка рэфінансаваньня Нацыянальнага банка Польшчы складае 2,75%.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт