У Варшаве абмяркуюць правы чалавека ў Беларусі
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
23.09.2013 11:56
У польскай сталіцы пачалася буйная канфэрэнцыя АБСЭ аб правах чалавека.
У Варшаве пачалася канфэрэнцыя АБСЭ, прысьвечаная правам чалавека. Больш за тысячу чалавек, прадстаўнікі дзяржаўных устаноў і няўрадавых арганізацый прыехалі ў польскую сталіцу, каб размаўляць пра выкананьне правоў чалавека.
Польскі амбасадар пры АБСЭ Пшэмыслаў Грудзіньскі сказаў Польскаму радыё, што ўдзельнікі сустрэчы будуць размаўляць пра тыя месцы ў сьвеце, дзе свабода слова й сходаў абмежаваныя. “Гэта найбуйнейшая канфэрэнцыя, прысьвечаная дэмакратыі й правам чалавека ў Польшчы. На ёй прысутныя прадстаўнікі 57 краін і шматлікіх няўрадавых арганізацый. Варшава зьяўляецца свайго роду меккай, дзе гаворыцца пра такія справы”, - пераконвае Пшэмыслаў Грудзіньскі.
Арганізатары канфэрэнцыі адзначаюць, што сёлета дыскусія таксама мае быць прысьвечана свабодзе веравызнаньня, правядзеньню дэмакратычных выбараў і маніторынгу за галасаваньнем.
Некалькі сустрэч будуць прысьвечаны й беларускай тэматыцы. Гэта, між іншым, пытаньні права на мірныя сходы, умовы затрыманьняў і выконваньне правоў чалавека ў Беларусі.
Канфэрэнцыя АБСЭ будзе доўжыцца да 4 кастрычніка.
ав