Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія дзікі выклікалі сьвіную праблему ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.03.2014 12:59
Імпарт польскага мяса забараніла ня толькі Расея, але таксама Кітай, Японія і Паўднёвая Карэя.

Хто падклаў нам гэтую сьвіньню? – пытаецца журналістка выданьня Polityka. Два беларускія дзікі выклікалі чарговую сьвіную вайну, на гэты раз – амаль сусьветную. Польшча можа стаць яе самай вялікай ахвярай. Па прычыне забароны Расеі на імпарт сьвініны з Эўрапейскага Зьвязу сыплецца ўвесь польскі экспарт прадуктаў харчаваньня. За мяжу ня можа выехаць птушынае мяса, сухое малако, сыры, усё, на што патрэбнае пасьведчаньне Вэтэрынарнай інспэкцыі. Дакумэнты ўжо нельга атрымаць, паколькі Польшча перастала быць краінай, у якой няма афрыканскай чумы сьвіней. Ніколі раней гэтая хвароба не фіксавалася ў дзяржаве.

Імпарт польскага мяса забараніла ня толькі Расея, але таксама Кітай, Японія і Паўднёвая Карэя. Дзяржава экспартуе за мяжу сьвініну за прыкладна 1 млрд. эўра, з чаго палова ідзе ў Беларусь ды Расею.

Жывёлагадоўцы, якія пратэставалі ля Міністэрства сельскай гаспадаркі, адзначалі, што польскія палітыкі не павінны так моцна ангажавацца ва ўкраінскія справы, паколькі чарговую гандлёвую вайну Расеі з ЭЗ цяжка аддзяліць ад украінскага пытаньня. А Расея прапануе Брусэлю – прызнайце Польшчу, Летуву, Эстонію ды Латвію краінамі, дзе знойдзены ачагі афрыканскай чумы сьвіней. Тады у іншых дзяржаваў ЭЗ мы далей будзем ахвотна купляць мяса.

У тым, што сьвет баіцца эпідэміі, няма нічога дзіўнага. Толькі дзіўнае тое, хто ёю пужае. Вэтэрынарныя службы Эўразьвязу даўно ведаюць, што ў Беларусі ды Расеі сьвіньні хварэюць на гэтую заразу даволі часта. Беларусь не экспартуе мяса, таму спрабуе факты хваробы скрываць. Але ў выпадку Расеі, якая стала чальцом Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, гэта немагчыма. Яна павінна паведамляць пра ўсе выпадкі хваробы. За апошнія гады было іх каля 600. Таму цяжка не заўважыць, што гаворка ідзе не пра сьвіней.

Хворыя дзікі прыйшлі ў Польшчу ды Летуву зь Беларусі. Зьвяры пачалі ўцякаць зь Беларусі, паколькі там наладзілі на іх аблаву. На захадзе краіны выбілі адну траціну папуляцыі гэтай жывёлы. Некаторыя сяляне мяркуюць, што адстрэл дзікоў ды кіраваньне іх у напрамку заходняй мяжы было плянаванай акцыяй. Паяўляюцца галасы, каб паставіць уздоўж мяжы салідную агароджу, але прыклады паказваюць, што гэта дзікам не перашкаджае.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт